Франчэска Падэсці "Абвяшчэнне догмату аб Беззаганным Зачацці" Франчэска Падэсці "Абвяшчэнне догмату аб Беззаганным Зачацці" 

Ватыкан: анлайн-выстава да ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця

У Ватыканскіх музеях прадстаўлены цыкл карцін, прысвечаных абвяшчэнню 8 снежня 1854 г. папам Піем IX догмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Аўтарам палотнаў, выкананых у тэхніцы фрэскавага жывапісу, з’яўляецца італьянскі мастак Франчэска Падэсці. Ён працаваў над творамі ў 1856-1865 гг. – у вельмі няпросты для Святога Пасаду перыяд.

Асобныя сцэны цыкла прысвечаны абвяшчэнню догмату аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, пасвячэнню кантынентаў Касцёлу, абмеркаванню догмату і каранацыі абраза Беззаганнай Дзевы Марыі. На апошняй карціне намаляваны і сам мастак Франчэска Падэсці: ён асабіста прысутнічаў на ўрачыстай літургіі, якую Пій IX цэлебраваў у базыліцы св. Пятра.

Такім чынам, серыя палотнаў дакументуе важны для Касцёла гістарычны факт і адначасова падкрэслівае вечную святасць Беззаганнага Зачацця Марыі – падзеі, якая мае цэнтральнае значэнне для паўсюднага Касцёла і ўрачыста ўшаноўваецца штогод 8 снежня.

110 перакладаў на розныя мовы папскай булы, якая абвяшчае догмат аб Беззаганным Зачацці Найцсвяцейшай Панны Марыі, сёння захоўваюцца ў Ватыканскай бібліятэцы.
 

05 снежня 2020, 10:44