Адышоў у вечнасць асабісты ўрач Святога Айца
9 студзеня 2021 г. памёр Фабрыцыа Сакорсі, асабісты ўрач Папы. Медык быў шпіталізаваны ў рымскую клініку Джэмэлі з анкалагічным захворваннем. Смерць наступіла ў выніку ўскладненняў, звязаных з СOVID-19.
Фабрыцыа Сакорсі нарадзіўся 2 лютага 1942 г. у Рыме. У 1968 г. закончыў рымскі ўніверсітэт “La Sapienza” па спецыяльнасці медыцына і хірургія. Разам з лячэбнай практыкай займаўся выкладаннем. Быў дарадчыкам Упраўлення аховы здароўя і гігіены Дзяржавы Ватыкан і медыцынскім экспертам Кангрэгацыі па справах кананізацыі. У 2015 г. Францішак выбраў яго сваім асабістым урачом.
У 2017 г. пасля доўгай і цяжкой хваробы ў Фабрыцыа Сакорсі заўчасна памерла дачка Крысціна. За некалькі дзён да гэтага Папа здзяйсняў Апостальскае падарожжа ў партугальскі марыйны санктуарый у Фаціме. На знак сваёй блізкасці ён прапанаваў медыку разам ускласці белыя кветкі да фігуркі Маці Божай.
10 студзеня 2021, 10:50