Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: дыялог – шлях да свету без ядзернай зброі

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі выказаў задавальненне ў сувязі з уваходам у сілу Дамовы аб забароне ядзернай зброі. Дакумент набыў правамоцнасць 22 студзеня 2021 г.

У інтэрв’ю Vatican News арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падкрэсліў, што мэта Дамовы заключаецца ў тым, каб “адназначна забараніць ядзерную зброю, паставіўшы яе ў адзін шэраг з іншымі відамі зброі масавага знішчэння, такімі як хімічная і біялагічная, якія ўжо забаронены”.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што Апостальская Сталіца прымала актыўны ўдзел у працэсе падрыхтоўкі Дамовы. “Многія з яе пунктаў ускосным ці прамым чынам нагадваюць пра першаснае значэнне чалавечай асобы, пра гуманітарную парадыгму і пра цесную сувязь Дамовы з мірам”, - сказаў ён.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі прызнаў, што для поўнага ядзернага раззбраення яшчэ трэба зрабіць шмат. На яго думку, важнае значэнне мае выхаванне ў людзей павагі да міру і пашырэнне ўсведамлення небяспечнасці ядзернай зброі для сучасных і будучых пакаленняў.

“Мір і міжнародная бяспека не могуць абапірацца на пагрозу ўзаемнага знішчэння”, а адносіны нельга рэгуляваць, замяняючы “сілу закона” на “закон сілы”. “Мір і бяспека павінны будавацца на дыялогу і салідарнасці, справядлівасці, цэласным развіцці чалавека, павазе да фундаментальных правоў і ўмацаванні ўзаемнага даверу паміж народамі”, - сцвердзіў папскі дыпламат.

Арцыбіскуп Галахер звярнуў увагу на тое, што папа Францішак шмат разоў казаў пра важнасць будавання свету, свабоднага ад ядзерных узбраенняў, а падчас візіту ў Хірасіму ён асудзіў сам факт валодання такой зброяй як амаральны.
 

22 студзеня 2021, 09:31