Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI  

Бэнэдыкт XVI атрымае прышчэпку супраць каронавіруса

Як толькі Ватыкан атрымае замоўленыя 10 тыс. доз вакцыны Pfizer/Biontech, Бэнэдыкт XVI таксама мае намер прышчапіцца супраць каронавіруса, - паведаміла агенцтва KNA.

Разам з Папам-эмерытам вакцынацыю пройдуць усе жыхары кляштара Mater Ecclesiae, - заявіла нямецкае каталіцкае агенцтва са спасылкай на асабістага сакратара Бэнэдыкта XVI, арцыбіскупа Георга Генсвайна.

У гэтым кантэксце журналісты ўзгадалі словы Францішка, які ў інтэрв’ю для Canale 5 заявіў аб сваім намеры прышчапіцца, паколькі лічыць, што з этычнага пункту гледжання вакцынацыю павінны прайсці ўсе. У адваротным выпадку пад пагрозу ставіцца не толькі ўласнае жыццё, але і жыццё іншых людзей.

На мінулым тыдні кіраўнік Упраўлення аховы здароўя і гігіены Андрэа Арканджэлі заявіў, што вакцына прыбудзе ў бліжэйшы час. Ватыкан замовіў каля 10 тыс. доз у нямецкага вытворцы Biontech і яго партнёра з ЗША Pfizer. Гэтай колькасці павінна быць дастаткова для супрацоўнікаў Апостальскай Сталіцы і застрахаваных у Ватыкане асоб і пенсіянераў. Яшчэ перад Божым Нараджэннем яны павінны былі заявіць аб сваім жаданні або нежаданні зрабіць прышчэпку.
 

12 студзеня 2021, 10:59