Кардынал Паралін падчас відэазвароту да ўдзельнікаў кліматычнага саміту Кардынал Паралін падчас відэазвароту да ўдзельнікаў кліматычнага саміту 

Дзяржсакратар: змены клімату – эпахальны выклік

Кліматычныя змены – нагода стварыць новыя мадэлі развіцця, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін у прамове на адкрыццё Climate Adaptation Summit 2021.

Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы запэўніў удзельнікаў міжнароднага экалагічнага форума, які праходзіць з 25 па 26 студзеня 2021 г. у Галандыі, у блізкасці і падтрымцы з боку Святога Айца.

Кардынал Паралін заўважыў, што кліматычныя змены павінны падштурхнуць міжнародную супольнасць да змены мадэляў развіцця і паляпшэння ўмоў жыцця, сістэмы аховы здароўя, бяспекі і стварэння новых магчымасцей для працы.

Ватыканскі іерарх заўважыў, што змены клімату – гэта “эпахальны выклік для агульнага дабра”. У сувязі з гэтым неабходны “неадкладныя дзеянні”, накіраваныя на змяншэнне шкодных выкідаў у атмасферу і барацьбу з іх адмоўнымі наступствамі.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы падкрэсліў, што гаворка ідзе пра “маральны і гуманітарны імператыў”, бо “самыя цяжкія негатыўныя наступствы кліматычных змен часта ўдараюць па самых неабароненых: бедных і будучых пакаленнях”.

“Бедныя, якія з’яўляюцца найменш адказнымі да глабальнае пацяпленне”, на жаль пакутуюць больш за іншых, “таму што маюць найменш магчымасцей прыстасавацца і часта жывуць у асабліва рызыкоўных геаграфічных абшарах”, - дадаў кардынал Паралін.

Іерарх звярнуў увагу на патрэбу ў стварэнні глабальнай і доўгатэрміновай стратэгіі, заснаванай на канкрэтных дзеяннях, здольнай распрацаваць і прасоўваць новую мадэль развіцця. Яна павінна прадугледжваць супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы барацьбы з кліматычнымі зменамі і беднасцю, бо “нічога немагчыма дасягнуць, працуючы ў адзіночку”, што “вельмі добра прадэманстравала пандэмія COVID-19”.

Кардынал Паралін прызнаў, што заданне, якое стаіць перад міжнароднай супольнасцю, складанае, і нагадаў пра “свабоду, розум і здольнасць кіраваць і распараджацца тэхналогіямі, каб паставіць іх на службу прагрэсу іншага роду: больш гуманнага, сацыяльнага і цэласнага”. Неабходна толькі палітычная воля і добрая матывацыя, каб дасягнуць гэтай мэты.

На канферэнцыі абмяркоўвалі дасягненні ў сферы аховы экалогіі і акрэслілі праграму дзеянняў на бліжэйшы час у кантэксце кліматычнага саміту, які адбудзецца 1-12 лістапада 2021 г. у шатландскім Глазга. У прыватнасці, звярталася ўвага на патрэбу павелічэння фінансавання даследаванняў, якія тычыцца дастасавання сельскагаспадарчага сектару да кліматычных змен.
 

26 студзеня 2021, 12:31