Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ: спыніць дыскрымінацыю вызнаўцаў рэлігій

Дыялог і павага да міжнароднага права – гэта інструменты для вырашэння канфліктаў, - падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры АБСЕ.

Мансеньёр Януш Урбанчык прыняў удзел у 1298-м пасяджэнні Пастаяннай рады арганізацыі. Ад імя Святога Пасаду ён заклікаў краіны-удзельніцы АБСЕ працягваць працаваць на карысць міру і справядлівасці, прытрымліваючыся абавязацельстваў, якія ўзялі на сябе.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што “сапраўдны і даўгавечны мір стане магчымым выключна на аснове глабальнай этыкі супрацоўніцтва ў служэнні будучыні, пазначанай узаемазалежнасцю і супольнай адказнасцю ўсёй чалавечай сям’і”.

Спасылаючыся на 20-ю гадавіну прыняцця Рэзалюцыі 1325 Рады Бяспекі ААН аб ролі жанчын у пытаннях міру і бяспекі, якая адзначалася 3 кастрычніка 2020 г., святар падкрэсліў, што неабходна памятаць пра незаменны ўклад жанчын у прымірэнне і будаванне міру.

“Святы Пасад перакананы ў патрэбе ўмацавання ролі жанчын на ўсіх узроўнях у сферы прадухілення канфліктаў, вырашэння крызісаў і ў працэсах пасляваеннай адбудовы”, - звярнуў увагу ватыканскі дыпламат.

Мансеньёр Урбанчык заклікаў краіны-члены АБСЕ звяртаць больш увагі на праблемы правоў чалавека, дэмакратыі і роўнасці палоў, паколькі трэба з павагай ставіцца да ўсіх усеагульна прызнаных правоў чалавека і пазбягаць стварэння іх іерархіі.

Паводле прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, правы чалавека ніколі не павінны выкарыстоўвацца “як сродак для дасягнення палітычных, эканамічных, ваенных, культурных ці ідэалагічных мэт”. Адначасова, яны не павінны разумецца ў якасці “шырокага паняцця”, якому кожны можа надаваць тое значэнне, якое лепш адпавядае яго інтарэсам.

Спасылаючыся на пачатак старшынства Швецыі ў АБСЕ, прадстаўнік Святога Пасаду пажадаў, каб тэма талерантнасці і недыскрымінацыі знаходзілася сярод прыярытэтаў у павестцы дня арганізацыі. Ён заклікаў прысвячаць больш увагі праблеме росту нецярпімасці і дыскрымінацыі супраць хрысціян, юдэяў, мусульман і вызнаўцаў іншых рэлігій.

Ватыканскі дыпламат заклікаў еўрапейскія дзяржавы да супольных дзеянняў перад абліччам глабальных выклікаў, у тымі ліку пандэміі каронавіруса, кіруючыся павагай да годнасці чалавека і фундаментальных сацыяльных прынцыпаў, што ўмацуе АБСЕ і дадасць ёй устойлівасці.
 

15 студзеня 2021, 10:25