Святы Пасад у АБСЕ: спыніць дыскрымінацыю вызнаўцаў рэлігій
Мансеньёр Януш Урбанчык прыняў удзел у 1298-м пасяджэнні Пастаяннай рады арганізацыі. Ад імя Святога Пасаду ён заклікаў краіны-удзельніцы АБСЕ працягваць працаваць на карысць міру і справядлівасці, прытрымліваючыся абавязацельстваў, якія ўзялі на сябе.
Ватыканскі дыпламат заўважыў, што “сапраўдны і даўгавечны мір стане магчымым выключна на аснове глабальнай этыкі супрацоўніцтва ў служэнні будучыні, пазначанай узаемазалежнасцю і супольнай адказнасцю ўсёй чалавечай сям’і”.
Спасылаючыся на 20-ю гадавіну прыняцця Рэзалюцыі 1325 Рады Бяспекі ААН аб ролі жанчын у пытаннях міру і бяспекі, якая адзначалася 3 кастрычніка 2020 г., святар падкрэсліў, што неабходна памятаць пра незаменны ўклад жанчын у прымірэнне і будаванне міру.
Мансеньёр Урбанчык заклікаў краіны-члены АБСЕ звяртаць больш увагі на праблемы правоў чалавека, дэмакратыі і роўнасці палоў, паколькі трэба з павагай ставіцца да ўсіх усеагульна прызнаных правоў чалавека і пазбягаць стварэння іх іерархіі.
Спасылаючыся на пачатак старшынства Швецыі ў АБСЕ, прадстаўнік Святога Пасаду пажадаў, каб тэма талерантнасці і недыскрымінацыі знаходзілася сярод прыярытэтаў у павестцы дня арганізацыі. Ён заклікаў прысвячаць больш увагі праблеме росту нецярпімасці і дыскрымінацыі супраць хрысціян, юдэяў, мусульман і вызнаўцаў іншых рэлігій.
Ватыканскі дыпламат заклікаў еўрапейскія дзяржавы да супольных дзеянняў перад абліччам глабальных выклікаў, у тымі ліку пандэміі каронавіруса, кіруючыся павагай да годнасці чалавека і фундаментальных сацыяльных прынцыпаў, што ўмацуе АБСЕ і дадасць ёй устойлівасці.