Ватыкан: 10 студзеня не будзе хросту дзяцей
Сакрамэнт удзеляць у парафіях, да якіх належаць бацькі, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
Традыцыя хросту дзяцей у канцы літургічнага перыяду Божага Нараджэння была ўведзена ў Ватыкане ў 1981 г. Янам Паўлам ІІ. У свята Хросту Пана ён удзяляў сакрамэнт дзецям супрацоўнікаў структур Святога Пасаду, Швейцарскай гвардыі і Ватыканскай жандармерыі.
“Ахрысціць дзіця – гэта ўчынак справядлівасці ў адносінах да яго. Чаму? Таму што ў хросце мы даём яму скарб, у хросце мы даём яму задатак: Святога Духа. У сакрамэнце хросту дзіця атрымлівае моц Духа Святога, які будзе яго бараніць, дапамагаць яму на працягу ўсяго жыцця. Вось чаму так важна хрысціць дзяцей – каб узрасталі з моцай Духа Святога ”, - тлумачыў Папа падчас абраду хросту ў мінулым годзе.