Ватыкан: буйныя тэрміны для асуджаных за фінансавыя злачынствы
Прысуд быў абвешчаны 21 студзеня 2021 г. Трыбуналам Дзяржавы Ватыкан. Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што згодна з абвінавачваннем, якое грунтавалася на расследаванні, праведзеным у 2014 г., Калоя і Ліуца, у перыяд паміж 2002 і 2007 гг. прадалі па вельмі заніжаных коштах 29 аб’ектаў нерухомасці, якая належала Інстытуту рэлігійных спраў (больш вядомаму як Ватыканскі банк) і яго структуры “SGIR s.r.l”.
Розніцу, якая была ацэнена ў 59 млн еўра, яны прысвоілі. Затым сродкі былі часткова адмыты ў Швейцарыі з дапамогай сына юрыста Ламбэрта Ліуца. Асуджаныя дзейнічалі ў змове з тагачаснымі Генеральным дырэктарам Інстытута рэлігійных спраў, ужо памерлым Леліа Скалеці.
Трыбунал прызнаў Анджэла Калоя і Габрыэле Ліуца вінаватымі ў адмыванні і прысваенні грошай і прысудзіў кожнага да 8 гадоў і 11 месяцаў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 12,5 тыс. еўра. Ламбэрта Ліуца быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 8 тыс. еўра за адмыванне грошай.
Асуджаным было забаронена займаць пасады ў кіраўнічых органах. Трыбунал пастанавіў канфіскаваць у іх сродкі на суму ў 38 млн еўра, а таксама абавязаў іх выплаціць больш за 20 млн еўра Інстытуту рэлігійных спраў і фірме “SGIR s.r.l”, якія былі прызнаны пацярпелымі. У Габрыэле Ліуца былі канфіскаваны 14 млн еўра на рахунках Інстытута рэлігійных спраў і 11 млн еўра на рахунках у швейцарскіх банках.
Як адзначаецца ў паведамленні Залы Друку, гаворка ідзе пра першы выпадак ужывання мер, уведзеных у 2018 г. у ватыканскае заканадаўства з мэтай яго дастасавання да міжнародных стандартаў у галіне барацьбы з адмываннем грошай, карупцыяй і іншымі сур’ёзнымі злачынствамі.
81-гадовы Анджэла Калоя кіраваў Інстытутам рэлігійных спраў з 1989 па 2009 г. Ён быў звольнены з гэтай пасады Бэнэдыктам XVI.