Ватыканскія музеі плануюць адкрыцца 1 лютага
Падчас анлайн-канферэнцыі, прысвечанай будучыні Музеяў у кантэксце крызісу і перамен, Ята заўважыла, што рашэнне адносна адкрыцця было прынята кіраўніцтвам Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. Яна дадала, што доступ абмежаванай колькасці наведвальнікаў на 7-кіламетровы маршрут экспазіцыі не будзе ствараць эпідэмічнай праблемы. Гэта пацвердзіла практыка мінулага лета і восені.
Дырэктар папскай мастацкай калекцыі падкрэсліла, што пандэмія паказала важнасць не толькі фондавай дзейнасці Музеяў, але і іх адукацыйнай працы з выкарыстаннем сучасных лічбавых платформ і іншых медыйных тэхналогій. У перыяд локдауна значна вырасла колькасць наведвальнікаў сайта Ватыканскіх музеяў і падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Дзякуючы штодзённай публікацыі матэрыялаў аб творах мастацтва, якія захоўваюцца ў папскай калекцыі, людзі адчулі, што Музеі працягваюць сваю працу.
У сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса, Ватыканскія музеі зачынілі свае дзверы для публікі 1 сакавіка 2020 г. Яны адкрыліся праз тры месяцы, але 6 лістапада былі вымушаны зноў спыніць працу з наведвальнікамі. Увесь гэты час, аднак, працягваецца даследчая і рэстаўрацыйная дзейнасць.