Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дыпламатыя Святога Пасаду: раззбраенне – этычны імператыў

Пра сувязь паміж раззбраеннем, мірам і развіццём нагадаў 24 лютага 2021 г. арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у відэапасланні да ўдзельнікаў Сесіі высокага ўзроўню Канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе.

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі нагадаў, што мір, бяспека і стабільнасць з’яўляюцца аднымі з самых глыбокіх памкненняў чалавечага сэрца. Аднак актуальная атмасфера ўзаемнага недаверу і крызіс мультылатэралізму перашкаджаюць намаганням, накіраваным на рэалізацыю гэтых высакародных жаданняў і працэсу раззбраення.

Паводле ватыканскага дыпламата, сёння відавочна, што раззбраенне павінна тычыцца не толькі арсеналаў ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі, але таксама вайсковай канкурэнцыі ў космасе, у кіберпрасторы і ў галіне штучнага інтэлекту, які дазваляе выкарыстоўваць аўтаномныя смяротныя сістэмы ўзбраенняў.

“Тут, як і ўсюды, дзяржавы нясуць агульную адказнасць, што прадугледжвае канкрэтныя абмежаванні, якіх неабходна прытрымлівацца ў інтарэсах нашага агульнага чалавецтва”, - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў занепакоенасць незаконным абаротам стралковай зброі, зброі малога калібру і выбуховага дзеяння, якія ўсё больш і больш ператвараюцца ў “зброю масавага знішчэння”, накіраваную на базавую інфраструктуру і грамадзянскае насельніцтва.

У кантэксце актуальных выклікаў раззбраенне больш не можа разглядацца ў якасці “факультатыўнай магчымасці”. “Гэта этычны імператыў”, - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер. Ён заклікаў палітыкаў да прыняцця канкрэтных і даўгачасных рашэнняў у гэтай сферы, адмовіўшыся ад прыватных інтарэсаў у імя агульнага дабра.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на сувязь паміж трыма фундаментальнымі паняццямі: раззбраенне, развіццё і мір. Ён нагадаў, што велізарныя выдаткі на вайсковыя мэты – большыя за неабходныя для забеспячэння ўласнай абароны – ствараюць заганнае кола гонкі ўзбраенняў, якая перашкаджае вырашэнню такіх пытанняў як беднасць, справядлівасць, ахова здароўя і адукацыя.

Арцыбіскуп Галахер назваў памылковым меркаванне, што назапашванне зброі можа гарантаваць нацыянальную бяспеку. Замест гэтага ўзнікае дыспрапорцыя паміж “выкарыстаннем рэсурсаў і інтэлекту на карысць смерці” і іх “выкарыстаннем на карысць жыцця”.

Прадстаўнік Святога Пасаду высока ацаніў міжнародныя дамовы, накіраваныя на нераспаўсюджванне і знішчэнне ядзернай зброі і пажадаў, каб як мага хутчэй гэтыя пагадненні ператварыліся ў канкрэтныя дзеянні. У гэтым кантэксце ён заклікаў шырэй выкарыстоўваць новыя тэхналогіі для кантролю над узбраеннямі і ўмацоўваць паслядоўнае і адказнае супрацоўніцтва, паколькі “ніхто не можа быць у бяспецы, пакуль у бяспецы не будуць усе”.
 

24 лютага 2021, 13:29