Кардынал пра значэнне Міжнароднага дня чалавечага братэрства
У інтэрв’ю Vatican News кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот нагадаў, што Дзень братэрства быў устаноўлены ААН для прасоўвання міжрэлігійнага і міжкультурнага дыялогу. Ён заўважыў, што гэта адбылося падчас пандэміі каронавіруса, калі стала зразумела, што “ніхто не можа збавіцца ў адзіночку”.
Іерарх пажадаў, каб святкаванне Дня братэрства абудзіла жаданне працаваць на карысць культуры міру, талерантнасці, інклюзіўнасці, узаемнага разумення і салідарнасці. “У выніку гэтай пандэміі мы павінны будзем нарадзіцца нанова, лепшымі, чым былі дагэтуль. І не толькі на асабістым узроўні”, - сцвердзіў ён.
“Сумленнасць, вернасць, любоў да агульнага дабра, увага да іншых людзей, у першую чаргу да тых, якія знаходзяцца ў нястачы, добразычлівасць і міласэрнасць – гэта зброя, якая ўваходзіць у духоўны арсенал многіх рэлігій. Гаворка ідзе пра тое, каб рабіць канкрэтныя крокі разам з вернікамі іншых рэлігій і людзьмі добрай волі, адчуваць сябе пакліканымі быць, асабліва ў гэты час, пасланнікамі міру і будаўнікамі адзінства, каб абвяшчаць, у адрозненні ад тых, хто ўмацоўвае канфлікты, падзелы і закрытасць, што зараз – час братэрства”, - сказаў кардынал Аюса Гішот.
Ватыканскі іерарх заўважыў, што Бог – Стварыцель усіх і ўсяго, таму “мы з’яўляемся членамі адной сям’і і павінны прызнаваць сябе такімі”. “Гэта фундаментальны крытэрый, які дае вера, каб перайсці ад простай талерантнасці да братэрскага суіснавання”, - дадаў ён.
Кардынал назваў каштоўным дапаможнікам у будаванні братэрства паміж людзьмі энцыкліку Fratelli tutti, у якой Папа заклікае да індывідуальнай і калектыўнай адказнасці перад абліччам сучасных выклікаў, падкрэслівае патрэбу ў навучанні дыялогу, неабходнаму для перамогі над “вірусам радыкальнага індывідуалізму”.
Міжнародны дзень чалавечага братэрства быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у Рэзалюцыі ад 21 снежня 2020 г. Ён будзе ўпершыню адзначацца 4 лютага 2021 г. У гэты дзень у 2019 г. папа Францішак і Вялікі імам універсітэта “Аль-Азхар” у Каіры, шэйх Ахмед Аль Таеб, падпісалі ў Абу-Дабі “Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні”.