Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Першыя маркі Ватыканскай пошты на 2021 год ужо ў продажы

З 22 лютага 2021 г. у Ватыкане можна набыць новыя маркі 2021 года. Першыя дзве ўзгадваюць 90-годдзе Ватыканскага радыё і 160-годдзе газеты L'Osservatore Romano.

Акрамя таго, ужо прадаюцца маркі, прысвечаныя Вялікадню, Году св. Юзафа і сустрэчам Папы з прадстаўнікамі іншых рэлігій.

На марцы Ватыканскае радыё наміналам 1,15 еўра паказаны гістарычны мікрафон на фоне базылікі св. Пятра. На аверсе маркі наміналам 2,40 еўра – выява тытульнага ліста першага выдання L'Osservatore Romano ад 1 ліпеня 1860 г. На велікоднай – Езус, Які выходзіць з магілы і паказвае свае раны. Натхненнем для яе стала Турынская плашчаніца. Аўтар – украінскі мастак Віталь Штанко.

Чатыры маркі, якія тычацца міжрэлігійнага дыялогу, паказваюць Папу падчас сустрэч з прадстаўнікамі іншых рэлігій. Серыя з'яўляецца ілюстрацыяй да нядаўняй энцыклікі Францішка Fratelli tutti, у якой падкрэсліваецца пакліканне паслядоўнікаў усіх рэлігій працаваць разам для паляпшэння свету. Маркі маюць наміналы: 1,10 еўра, 1,15 еўра, 2,40 і 3,00 еўра.

На працягу года выйдуць маркі Ватыканскай пошты, прысвечаныя св. Антонію Падуанскаму, 500-годдзю навяртання св. Ігнацыя Лаёлы, 700-годдзю з дня смерці Дантэ Аліг'еры, 450-годдзю мастака Караваджо і Міжнароднаму эўхарыстычнаму кангрэсу, запланаванаму на верасень у Будапешце.
 

23 лютага 2021, 12:05