Сузаснавальніца прэстыжнага ўніверсітэту стане благаслаўлёнай
20 лютага 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, і ўхваліў восем дэкрэтаў, падрыхтаваных гэтай дыкастэрыяй.
Першы дакумент пацвярджае цуд, здзейснены праз заступніцтва Слугі Божай Арміды Барэлі (1882-1952), італьянскай свецкай верніцы з Трэцяга францішканскага ордэну. Яна паходзіла з заможнай сям’і, атрымала добрую адукацыю і актыўна дапамагала сіротам і дзецям з бедных сем’яў у Мілане. Барэлі стварыла першыя гурткі маладых жанчын у руху “Каталіцкая акцыя”, дала пачатак свецкаму інстытуту Місіянерак Валадарства Езуса, а таксама, разам з а. Агасціна Джэмэлі, стала сузаснавальніцай Каталіцкага ўніверсітэту Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане.
Іншыя дэкрэты, ухваленыя Пантыфікам, тычацца прызнання гераічнасці цнотаў сямі Слугаў Божых. Гаворка ідзе пра партугальскага дыяцэзіяльнага святара, кс. Албіна Алвэса да Кунья-э-Сілва (1882-1973), заснавальніка шматлікіх адукацыйных і медыцынскіх каталіцкіх устаноў у Бразіліі; англійскага законніка, а. Ігнацыя ад св. Паўла (Джорджа Снэнсера, 1799-1864) з Кангрэгацыі Мукі Езуса Хрыста; італьянскую законніцу, с. Фэлічыту Фартунату Басэджа (1752-1829) з Ордэна св. Аўгустына; трох італьянскіх законніц з Таварыства Сясцёр Бедных, місіянерак, якія памерлі ад ліхарадкі Эбола ў Конга: с. Флоральбу Луіджу Разіну Рондзі (1924-1995), с. Кларанджэлу Алесандру Гілардзі (1931-1995) і с. Дзінурозу Тэрэзу Бэлеры (1936-1995). Апошні дэкрэт тычыцца прызнання гераічнасці цнотаў італьянскай свецкай верніцы Элізы Джамбэлукі (1941-1986), універсітэцкай выкладчыцы і аўтара інавацыйных адукацыйных метадаў.