Ватыкан: тры выставачныя пляцоўкі даступныя для няпоўнаспраўных
Папскія калекцыі пацвярджаюць рэпутацыю аднаго з самых даступных для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі мастацкіх цэнтраў. З усталяваннем новага ліфта шэдэўры трох важных выставачных пляцовак: Музея Пія Клементына, Грыгарыянскага егіпецкага музея і Грыгарыянскага этрускага музея, апынуліся ў межах дасяжнасці тых, хто адчувае цяжкасці пры хадзе або вымушаны перасоўвацца на калясцы.
Навінка, вынік супрацоўніцтва паміж Ватыканскімі музеямі і Дырэкцыяй па інфраструктуры і паслугах Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, гэта па-свойму мастацкі твор. Ліфт звонку пакрыты драўлянымі элементамі ручной работы, а ўнутры – італьянскім арэхам з паліраванай латуневай панэллю. Ён створаны ў адпаведнасці з крытэрыем эстэтыкі і функцыянальнасці, уласцівым папскай калекцыі, і поўнасцю адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі.
Нагадаем, што 1 лютага 2020 г. Ватыканскія музеі адчынілі свае дзверы. З прычыны другой хвалі пандэміі яны не працавалі 88 дзён. Гэта быў самы доўгі перапынак у дзейнасці ўстановы ў перыяд пасля Другой сусветнай вайны.
Музеі адкрытыя з панядзелка па суботу ад 8.30 да 18.30 па рымскім часе. Уваход апошняга наведвальніка – у 16.30. Кіраўніцтва запэўнівае, што на працягу ўсёй 7-кіламетровай трасы забяспечаны ўмовы поўнай санітарнай бяспекі.