Пошук

Кардынал Раньера Канталамеса Кардынал Раньера Канталамеса  

Папскі прапаведнік: краевугольны камень веры – боскасць Хрыста

У трэцім велікапосным казанні, якое прагучала 12 сакавіка 2021 г. у прысутнасці Папы ў Зале Паўла VI, кардынал Раньера Канталамеса спыніўся на веры ў боскасць Хрыста і на яе збаўчай сіле.

Разважаючы над словамі Евангелля св. Мацвея: “А вы кім лічыце Мяне?" (16, 15), Прапаведнік Папскага дома звярнуў увагу на распаўсюджаную сёння тэндэнцыю ўспрымаць Касцёл, пакідаючы Езуса ў баку, як быццам бы Ён не існуе. Тут, на думку капуцына, не варта рэагаваць як звычайна: спрабуючы пераканаць свет і сродкі камунікацыі ў памылцы, але “аднаўляючы і ўзмацняючы сваю веру ў Хрыста”.

"Вера ў Боскасць Хрыста нараджаецца з нараджэннем Касцёла. Але што з гэтай верай сёння?", - задаўся пытаннем Канталамеса. Каб адказаць на яго, кардынал адштурхнуўся ад гісторыі догмату пра боскасць Хрыста, урачыста абвешчанага Нікейскім Саборам у 325 г. Мы паўтараем яго сёння ў словах Сімвалу веры.

З эпохай Асветніцтва і рацыяналізму адбываецца "звядзенне хрысціянства да ўзнёслага маральнага ідэалу, які можа ігнараваць боскасць Хрыста і нават яго гістарычнае існаванне", заўважыў Прапаведнік і прапанаваў “абуджаць веру ў боскасць Хрыста", адштурхоўваючыся ад досведу, прапанаванага Евангеллямі, асабліва Евангеллем св. Яна.

“Боскасць Хрыста – гэта найвышэйшая вяршыня, Эверэст веры. Вера ў Бога, які нарадзіўся ў стайні і памёр на крыжы, значна больш патрабавальная, чым вера ў далёкага Бога, Якога кожны можа ўявіць сабе як заўгодна”

, - адзначыў кардынал Канталамеса.

"Недастаткова паўтараць Нікейскі Сімвал веры, неабходна аднавіць імпульс веры ў боскасці Хрыста, які меў месца ў той час і якому не было роўных на працягу стагоддзяў", - сказаў капуцын.

Ён бачыць тут шырокую экуменічную перспектыву. Сапраўдны духоўны экуменізм "складаецца не толькі ў тым, каб маліцца аб адзінстве хрысціян, але і ў тым, каб падзяліцца тым жа досведам Духа Святога”, “ён складаецца з таго, што Аўгустын называе "societas sanctorum", лучнасць святых, якая часам, балюча, можа не супадаць з communio sacramentorum, гэта значыць з сумесным выкарыстаннем адных і тых жа сакрамэнтальных знакаў”.

Прапаведнік Папскага дома падсумаваў: "краевугольным каменем пабудовы хрысціянскай веры з'яўляецца боскасць Хрыста: як толькі яна выдаляецца, усё развальваецца і разбураецца".
 

12 сакавіка 2021, 11:48