Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Чаканне Францішка ў Іраку: падрыхтоўка да свята

Лёс іракскіх хрысціян неад’емны ад лёсу іншых жыхароў гэтай краіны, бо ўсе пакутуюць ад наступстваў вайны і тэрарызму – на гэтыя словы кардынала Рафаэля Сако звярнуў увагу галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.

У інтэрв’ю прадстаўнікам інфармацыйных агенцтваў арцыбіскуп Багдадскі казаў: “Гэты візіт – мара, якая спаўняецца”. А мы падобныя на дзяцей, якія рыхтуюцца да свята. Ад старэйшага да малодшага”. Іерарх падкрэсліў, што гэтага візіту прагне не толькі Францішак і мясцовыя хрысціяне, але таксама вызнаўцы іншых рэлігій, - заўважыў Андрэа Тарніелі.

На працягу свайго пантыфікату Пантыфік неаднойчы казаў пра хрысціянскія супольнасці, якія пакутуюць у розных частках свету. Яго пілігрымка на зямлю Абрагама, нягледзячы на пандэмію і страх, звязаны з бяспекай, сведчыць пра блізкасць Наступніка св. Пятра да гэтых людзей.

Лёс хрысціян у Іраку, а таксама іх пакуты, неадлучныя ад лёсу і пакут людзей, якія прыналежаць да іншых рэлігій у краіне, дзе ўсе пацярпелі ад наступстваў войнаў, тэрарызму, насілля, падзелаў, злоўжыванняў і выкарыстання імя Бога для апраўдання нянавісці.

Патрыярх Сако распавёў таксама, што да візіту Папы іракцы ўпрыгожылі свае дамы і храмы, у гарадах развешаны прывітальныя плакаты і ватыканскія сцягі, а мусульмане падрыхтавалі спевы, якімі будуць вітаць Францішка. На адным з плакатаў змешчана выява аяталы Алі-Сістані побач з Папам і напісаны словы лідара іракскіх шыітаў: “Вы – часцінка нас, а мы – часцінка вас”. Яшчэ адна магчымасць сказаць, што мы ўсе – браты і сёстры.

Паводле Тарніелі, усё гэта паказвае, што надзея на будучыню для Іраку не ва ўмацаванні адной з рэлігій за кошт іншых, не ў стварэнні бяспечных і асобных “рэзервацыяў” для меншасцей, але ў адкрыцці нанова глыбокіх каранёў мірнага суіснавання, якое супадае з тоеснасцю краіны. Гэта надзея, якая зноў запальваецца ў Уры, як здарылася з Абрагамам. Вы – часцінка нас, мы – часцінка вас, - завяршыў сваю аўтарскую калонку на Vatican News галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
 

05 сакавіка 2021, 09:25