Кс. Хуан Антоніа Герэра Кс. Хуан Антоніа Герэра  

Галоўны фінансіст: Святы Пасад зніжае выдаткі і актывізуе місію

Выдаткі Святога Пасаду ў 2021 г. будуць самымі нізкімі за апошнія дзесяцігоддзі, не будзе скарачэння служэння і рэструктурызацыі персаналу, - заявіў прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях.

“Выдаткі, прадугледжаныя бюджэтам на 2021 г., з'яўляюцца самымі нізкімі ў новай гісторыі Апостальскай Сталіцы, але эканомія не паўплывае на служэнне і місію Папы, будуць захаваны заробкі і працоўныя месцы. Нам патрэбна падтрымка вернікаў”, - заявіў кс. Хуан Антоніа Герэра ў інтэрв'ю Vatican News. Прычынай абмежаванага бюджэту стаў крызіс, выкліканы пандэміяй. Чакаецца, што прыбыткі Святога Пасаду будуць на 30% ніжэйшыя, чым у 2019 г.

Па словах Герэра, цяпер “каля 50% бюджэту – гэта выдаткі на персанал”. Ён падкрэсліў, што “абарона працоўных месцаў і заробкаў з’яўляецца прыярытэтам”. Меры, прынятыя ў 2020 г., адзначыў прэфект, датычацца рэзкага скарачэння кансультацыйных выдаткаў (1,5 мільёна), адмены ўсіх мерапрыемстваў, запланаваных раней, у тым ліку візітаў ad limina, пленарных асамблей, канферэнцый, кангрэсаў і аналагічных мерапрыемстваў (1,3 мільёна), радыкальнае абмежаванне ўсіх паездак (3 мільёны), прыпыненне запланаваных закупак прадметаў мэблі (0,9 мільёна), спыненне работ, якія не маюць статусу тэрміновых, а таксама рэструктурызацыя нерухомай маёмасці (4,8 мільёна еўра).

“Я заўсёды настойваю на тым, што мы не кампанія, мы не спрабуем атрымаць прыбытак. Мы нават не такая дзяржава, як любая іншая, і не грамадская арганізацыя”, - адзначыў святар. “Вопыт паказвае, што Касцёл, які не мае фінансавых рэзерваў, не гледзячы на гэта будзе працягваць творча выконваць сваю місію евангелізацыі (...). Аднак мы спадзяёмся, што гэтага не адбудзецца. Трэба пазбягаць наўмыснай дэкапіталізацыі або дрэннага кіравання”, - дадаў фінансавы кіраўнік.

Гаворачы пра ініцыятыву Грош св. Пятра, прэфект нагадаў, што сабраныя ў мінулыя гады сродкі не былі выкарыстаны ў поўнай меры, з’явіліся фінансавыя рэзервы, якія ў 2020 г. былі выкарыстаны – гэта каля 40 мільёнаў еўра. Герэра не выключыў, што тое ж адбудзецца і ў 2021 г.

Нядаўнюю рэформу, сутнасць якой у перадачы ўсіх сродкаў Дзяржаўнага сакратарыята ў кіраванне Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, прэфект назваў “карыснай для ўнутранага кіравання рэсурсамі”. Гэта дапаможа “знізіць выдаткі на кіраванне і павялічыць выдаткі на місію”.

“З іншага боку, вернікі заслугоўваюць на празрыстасць, яны павінны ведаць, як Касцёл выкарыстоўвае тое, што атрымлівае. Для нас гэта пытанне даверу. Мы першыя, хто прадэманстраваў, што сацыяльная мараль Касцёла і маральныя крытэрыі, якія мы падтрымліваем, працуюць і дзейнічаюць. Усё часцей гучыць меркаванне, што, кіруючы сваімі рэсурсамі, Касцёл павінен адаптавацца да міжнародных крытэрыяў... Мы павінны імкнуцца стаць міжнароднай эталоннай мадэллю”, - падкрэсліў прэфект ватыканскага Сакратарыята па эканамічных пытаннях.
 

12 сакавіка 2021, 13:30