Італьянскі генерал будзе кіраваць касцёльнай медустановай
Зала Друку Святога Пасаду паведаміла, што італьянец заменіць на гэтай пасадзе кс. Джузэпэ Пушэду, які з лістапада 2020 г. часова ўзначальваў раду Фонду імя Луіджы Марыі Монці, што кіруе Istituto Dermopatico dell'Immacolata, аўтарытэтнай, але эканамічна праблемнай дэрматалагічнай клінікай у Рыме.
Медыцынская ўстанова, заснаваная Кангрэгацыяй Сыноў Беззаганнага Зачацця, пацярпела сур'ёзны фінансавы і адміністрацыйны крызіс у 2012 г., што прымусіла Святы Пасад у 2013 г. правесці надзвычайную рэструктурызацыю. З 2015 г. шэфства над клінікай узяў на сябе Фонд імя Луіджы Марыі Монці.
Генерал Капалупа, эксперт у галіне фінансавага аўдыту і з 2019 г. дарадца Святога Пасаду па эканамічных і падатковых пытаннях, будзе пятым старшынёй Фонду.
Асноўным напрамкам душпастырскай дзейнасці Кангрэгацыі Сыноў Беззаганнага Зачацця з'яўляецца медыцынскае і адукацыйнае апостальства.