Падчас візіту Францішка ў Ірак Падчас візіту Францішка ў Ірак 

Кардынал Аюса Гішот прааналізаваў папскі візіт у Ірак

Пасля паездкі Папы ў Ірак свет больш не будзе глядзець на краіну выключна праз прызму спусташэння і пакут яе жыхароў, - перакананы старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

У інтэрв'ю італьянскай La Stampa кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот даў ацэнку нядаўняму знаходжанню Францішка ў Іраку ў першую чаргу з пункту гледжання міжрэлігійных адносін, асабліва з шыіцкім ісламам.

Іерарх звярнуў увагу на "асаблівы водар" візіту з прычыны складанай сітуацыі, у якой блізкаўсходняя краіна "сустрэла ініцыятыву Святога Айца". Гэта ўсё яшчэ неспакойная зямля, якая знаходзіцца на шляху аднаўлення пасля дзесяцігоддзяў войнаў, гвалту і разрухі.

Кардынал Аюса нагадаў пра намаганні Святога Пасаду прадухіліць вайну ў Іраку ў дзевяностыя і на пачатку цяперашняга стагоддзя і "глыбокае жаданне св. Яна Паўла II адправіцца з пілігрымкай у Ур Халдэйскі з нагоды Вялікага юбілею 2000 года”. Да ўсяго гэтага дадаецца клопат цяперашняга Пантыфіка пра мясцовых жыхароў і яго гатоўнасць сустрэцца з імі.

Старшыня Папскай рады падкрэсліў, што мэта візіту заключалася не столькі ў абароне хрысціян, а стымуляванні ў іх пачуцця прыналежнасці да Паўсюднага Касцёла, успрыняцця сябе як паўнавартасных грамадзян, а не маргіналізаванай меншасці, якая змагаецца за выжыванне або асуджана на бегства.

Ватыканскі іерарх падзяліўся сваім поглядам на сустрэчу Папы з шыіцкім аяталой Алі Аль-Сістані, у падрыхтоўцы якой браў актыўны ўдзел. Гэта было непратакольнае мерапрыемства, улічваючы яго працягласць, значна большую, чым планавалася, і іншыя дэталі: аятала ўстаў на прывітанне і развітанне з сваім госцем. Францішак пацвердзіў прынцыпы роўнасці паміж усімі этнічнымі, сацыяльнымі і рэлігійнымі складнікамі краіны. Шыіцкі лідар запэўніў, што хоча, каб хрысціяне жылі як усе іракцы ў міры і бяспецы, з усімі канстытуцыйнымі правамі.

Кардынал звярнуў увагу на тое, што ў краіне існуе і дзейнічае Іракская рада па міжрэлігійным дыялогу (ICID), а Папская рада вядзе афіцыйны дыялог з кіраўніцтвам трох мясцовых рэлігійных аб’яднанняў: шыіцкім, суніцкім і агульным хрісціянска-язідска-мандэйскім. Дзве сустрэчы з гэтымі групамі праходзілі ў 2013 і 2017 гг. у Рыме. Абедзве дэлегацыі дамовіліся стварыць Пастаянны камітэт па дыялогу.

У заключэнне Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, адзначыў што, нягледзячы на асцярогі, якія суправаджалі папскую пілігрымку, Святы Айцец быў вельмі рады, што змог ажыццявіць яе. Ён таксама выказаў упэўненасць, што знаходжанне Пантыфіка ў Іраку не толькі надало смеласці мясцовай каталіцкай супольнасці, але і прадэманстравала рэальную прысутнасць хрысціян у краіне і магчымасць іх суіснавання з паслядоўнікамі іншых рэлігій.
 

18 сакавіка 2021, 11:16