Кардынал Леанарда Сандры (першы злева) падчас візіту Папы ў Ірак Кардынал Леанарда Сандры (першы злева) падчас візіту Папы ў Ірак 

Кардынал Сандры: У Іраку Пантыфік будуе гістарычныя масты

У Іраку Папа ўбачыць разбураныя і апаганеныя храмы і дамы, пакінутыя хрысціянамі, якім давялося бегчы ад ісламскіх фундаменталістаў. Адсюль ён скіруе пасланне міру і надзеі, - заўважыў кардынал Леанарда Сандры.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў прызнаўся, што па просьбе Папы ў пілігрымцы прымае ўдзел прадстаўнік Дапамогі Касцёлу ў патрэбе, фонду, які на працягу многіх гадоў падтрымлівае жыхароў Ірака, як хрысціян, так і мусульман. Гэта выраз удзячнасці за працу дабрачынцаў, але таксама напамін аб тым, што без міжнароднай дапамогі і салідарнасці краіна не падымецца з руін.

Папскі візіт у Ірак, кардынал Сандры назваў "будаўніцтвам гістарычных мастоў". Ён адзначыў, што для свайго першага Апостальскага падарожжа пасля 15-месячнага перапынку, выкліканага пандэміяй, Францішак абраў “найбольш забытыя перыферыі, якія маюць вялікую патрэбу ў Касцёле, што з’яўляецца палявым шпіталем.

“Святы Айцец зноў адмаўляецца ад логікі гэтага свету і заклікае нас успрымаць падзеі з пункту гледжання веры Абрагама, вучыць давяраць нягледзячы на бясконцыя трагедыі”, - адзначыў ватыканскі іерарх. Ён звярнуў увагу на тое, што папскія жэсты – гэта пастаяннае запрашэнне да пабудовы братэрства і заклік да людзей, адказных за будучыню нацый, стаць сапраўднымі абаронцамі самых слабых і іх правоў.

Прэфект таксама адзначыў важнасць іракскага падарожжа для будучыні Сірыі, якая пакутуе ад дзесяцігадовай вайны, і для Лівана, пагружанага ў велізарны сацыяльна-эканамічны крызіс.
 

06 сакавіка 2021, 10:36