Пантыфік скараціў зарплату духавенства, якое працуе ў Ватыкане
“Устойлівая эканамічнага будучыня патрабуе сёння, сярод іншых рашэнняў, прыняцця мер, якія тычацца заработнай платы работнікаў”, - такімі словамі пачынаецца motu proprio Францішка, абнародаванае 24 сакавіка 2021 г.
Святы Айцец пастанавіў “прапарцыянальна і на нявызначаны час” скараціць зарплату кардыналаў – на 10%, кіраўнікоў і сакратароў дыкастэрый – на 8%, святароў, законнікаў і законніц, якія працуюць у структурах Апостальскай Сталіцы – на 3%.
Акрамя таго, усім супрацоўнікам Святога Пасаду – у тым ліку вышэйпералічаным – з 1 красавіка 2021 г. па 31 сакавіка 2023 г. будзе замарожана надбаўка за працоўны стаж. Выключэннем стануць свецкія работнікі ад першага да трэцяга ўзроўню, тыя, якія маюць самую нізкую зарплату.
Адзначаецца, што Святы Айцец не хоча звяртацца да практыкі скарачэння персаналу, але актуальная сітуацыя патрабуе змяншэння выдаткаў, адсюль такое рашэнне.
На працягу апошніх гадоў эканамічная сістэма Святога Пасаду характарызуецца дэфіцытам. На сітуацыю негатыўна паўплывала і пандэмія, даходы значна знізіліся. Прынятыя меры накіраваны на забеспячэнне эканамічнай устойлівасці, неабходнай для місіі кіраўнічых структур Касцёла.