Кардынал П'ятра Паралін Кардынал П'ятра Паралін 

Дзяржсакратар: Іраку патрэбна дараванне і прымірэнне

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці падкрэсліў важнасць паездкі Папы ў Ірак, звяртаючы ўвагу на актуальнасць супрацоўніцтва для аднаўлення краіны і гаення ран мінулага.

Кардынал П'етра Паралін заўважыў, што Францішак аднаўляе свае Апостальскія візіты пасля даволі доўгай паўзы, звязанай з пандэміяй. І не выпадкова пачынае з краіны, якая нясе на сабе раны вайны, тэрарызму, гвалту і канфліктаў. На думку іерарха, такім чынам ён хоча праявіць асаблівую ўвагу і блізкасць да народа, які пакутуе, а таксама заставіць важнае паведамленне: патрэбна супрацоўніцтва для аднаўлення краіны, гаення ран і распачацця новага этапу.

Дзяржсакратар прызнаўся, што мясцовы Касцёл таксама перажывае складаную сітуацыю, існуе патрэба ў развіцці міжрэлігійнага дыялогу. “Аднак цяжкасці можна пераадолець, калі ёсць добрая воля і гатоўнасць усіх сабрацца разам, працаваць над аднаўленнем. Я ўпэўнены, што цэнтральнае пасланне будзе такім: давайце не дазволім блакіраваць сябе ўсяму, што адбылося, як бы негатыўна гэта ні было – а было вельмі негатыўна – давайце з надзеяй і мужнасцю чакаць аднаўлення рэчаіснасці, у якой жыве Ірак”, - сказаў кардынал Паралін у інтэрв’ю Vatican News.

Іерарх лічыць знакавай сустрэчу Пантыфіка з імамам Аль-Сістані. Ён назваў ісламскага лідара “адной з самых сімвалічных і значных асоб у шыіцкім свеце” і нагадаў, што той “заўсёды выказваўся за мірнае суіснаванне ў Іраку, заяўляючы, што ўсе этнічныя і рэлігійныя групы з'яўляюцца часткай краіны”. “Гэта вельмі важна, паколькі падкрэслівае сэнс і напрамак пабудовы братэрства паміж хрысціянамі і мусульманамі, якое павінна характарызаваць краіну”, - заўважыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

Іерарх перакананы, што “Папа будзе заахвочваць мясцовы Касцёл быць мужным і сведчыць, запросіць католікаў заставацца на месцы і даваць сведчанне сваёй прысутнасцю”, паколькі “без хрысціян Блізкі Усход ужо не будзе сабой”.

Іраку патрэбна дараванне і прымірэнне, пераадоленне мінулага, пазітыўны погляд наперад, - лічыць кардынал Паралін. У той жа час трэба прыняць меры супраць карупцыі, няроўнасці і дыскрымінацыі, “каб кожны адчуваў сябе грамадзянінам краіны, з тымі ж правамі, з тымі ж абавязкамі і з аднолькавым абавязацельствам і адказнасцю дапамагаць будаваць яе”. На думку іерарха, гэта “асноўны метад аднаўлення”.
 

02 сакавіка 2021, 15:03