Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Статыстыка Касцёла: зніжэнне колькасці святарскіх пакліканняў

На азіяцкім і амерыканскім кантынентах рост католікаў перавышае рост насельніцтва, вынікае з новых статыстычных дадзеных Каталіцкага Касцёла.

24 сакавіка 2021 г. у Ватыкане былі прадстаўлены два статыстычныя даведнікі Каталіцкага Касцёла: Annuario Pontificio на 2021 г. і Annuarium Statisticum Ecclesiae за 2019 г.

З першага вынікае, што з пачатку 2020 г. у Каталіцкім Касцёле былі створаны дзве новыя мітраполіі і чатыры біскупскія кафедры (2 дыяцэзіі і 2 епархіі), дзве дыяцэзіі атрымалі статус мітраполій, а дзве тэрытарыяльныя прэлатуры і адзін апостальскі экзархат – дыяцэзій.

Дадзеныя, змешчаныя ў Annuarium Statisticum, сведчаць аб тым, што ў 2019 г. католікаў у свеце было 1 345 млн, на 16 млн больш, чым у 2018 г. Гэта прыкладна 18% жыхароў планеты.

Геаграфічны аналіз змен у двухгадовым перыядзе паказвае рост на 3,4% католікаў у Афрыцы. На азіяцкім і амерыканскім кантынентах рост католікаў перавысіў рост насельніцтва (1,3% супраць 0,9% у Азіі і 0,84% супраць 0,69% у Амерыцы). У Еўропе назіраецца невялікі спад. Акіянія, наадварот, зафіксавала станоўчы тэмп змен: рост колькасці католікаў і насельніцтва аднолькавы – 1,1%.

Адносна тэрытарыяльнай долі католікаў ёсць нязначныя ваганні паміж 2018 і 2019 гг.: зафіксавана памяншэнне ў Амерыцы (з 48,3 да 48,1%) і ў Еўропе (з 21,5 да 21,2%). У Афрыцы назіраецца рост (з 18,3 да 18,7%), нязначнае павелічэнне ёсць і ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Доля католікаў у Акіяніі застаецца стабільнай – 0,8% ад сусветнай каталіцкай папуляцыі.

У Каталіцкім Касцёле ў 2019 г. было 5 364 біскупаў, на 13 менш, чым годам раней. Размеркаванне іерархаў па кантынентах застаецца адносна стабільным, прычым у Амерыцы і Еўропе пражывае 68,8% сусветнага епіскапату.

Святароў у свеце стала больш на 271 асобу – усяго 414 336. Рост назіраецца толькі ў Афрыцы і Азіі, адпаведна на 3,45% і 2,91%. У Амерыцы і Еўропе колькасць святароў знізілася на 1,5%. Але Еўропа па-ранейшаму застаецца лідарам у працэнтных суадносінах – тут пражывае 40,6% усяго каталіцкага духавенства.

На працягу апошніх гадоў назіраецца стабільны рост колькасці пастаянных дыяканаў. У 2019 г. іх стала на 1,5% больш у параўнанні з годам раней – гэта 48 238 чалавек.

Працягвае зніжацца колькасць законных братоў без святарскага пасвячэння: у 2018 г. іх было 50 941, а ў 2019 – 50 295. Адмоўная дынаміка назіраецца і з манахінямі – іх колькасць упала з 641 661 у 2018 г. да 630 099 у 2019 г., адноснае зніжэнне склала 1,8%.

Застаецца тэндэнцыя зніжэнне колькасці святарскіх пакліканняў: у 2018 г. кандыдатаў да святарства на планеце было 115 880, а ў 2019 г. ужо толькі 114 058 – менш на 1,6%.
 

25 сакавіка 2021, 15:00