Святы Пасад працягвае кампанію па вакцынацыі бяздомных
Неабходная колькасць вакцыны Pfizer-BioNTech была спецыяльна для гэтай мэты набыта Апостальскай Сталіцай і ахвяравана рымскім шпіталём імя Ладзара Спаланцані. Вакцынацыя будзе праходзіць у атрыуме Залы Паўла VI. Прышчэпкі зробяць ватыканскія і італьянскія медыкі.
Паведамляецца, што на сайце Апостальскай элемазінарыі можна зрабіць ахвяраванне на закупку вакцыны для самых бедных і маргіналізаваных. Ініцыятыва з’яўляецца канкрэтным адказам на заклік Святога Айца, які неаднойчы казаў, што ніхто не павінен застацца выключаным з кампаніі вакцынацыі супраць COVID-19.
Вакцынацыя праводзіцца ў Ватыкане са студзеня 2021 г. Згодна з жаданнем Папы сярод першых прышчэпку атрымалі 25 бедных, пераважна бяздомных, якія жывуць каля плошчы св. Пятра і знаходзяцца пад апекай Апостальскай элемазінарыі.
Ва ўрачыстым пасланні Urbi et Orbi з нагоды Божага Нараджэння Пантыфік казаў: “Прашу ўсіх: кіраўнікоў дзяржаў, прадпрыемствы, міжнародныя арганізацыі спрыяць супрацоўніцтву, а не канкурэнцыі, шукаць рашэння для ўсіх, вакцыну для ўсіх, асабліва для самых уразлівых і патрабуючых ва ўсіх рэгіёнах планеты. На першым месцы – найбольш уразлівыя і патрабуючыя”.