Сям’я Amoris Laetitia: у Ватыкане прадставілі адмысловы Год
Кардынал Джозэф Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, падкрэсліў, што першым з аспектаў гэтага абнаўлення павінна стаць большае супрацоўніцтва. Унутры Касцёла трэба навучыцца дзяліцца досведам, які аказаўся плённым у інтэграванні Евангелля ў жыццё сужэнцаў і сем'яў.
Другім аспектам душпастырскага абнаўлення, паводле іерарха, з'яўляецца змена мыслення. Трэба пачаць успрымаць сем'і ў якасці "суб'екта" душпастырства. У сям’і заключаны патэнцыял і дары для грамадства і Касцёла, і таму яна павінна стаць галоўным героем звычайнага душпастырства ў парафіях і дыяцэзіях.
Шмат сем'яў узорна жывуць сваёй верай і пакліканнем, і вельмі павучальна бачыць, як яны не здаюцца, падыходзячы да жыццёвых цяжкасцей з глыбокай радасцю. Іх жыццё, адзначыў кардынал Фарэл, з'яўляецца пасланнем надзеі для ўсяго свету, асабліва для моладзі, бо, як вынікае з апытанняў па ўсім свеце, жаданне мець уласную сям'ю па сённяшні дзень застаецца адной з самых вялікіх мар маладых людзей.
Трэцім аспектам абнаўлення з'яўляецца падрыхтоўка тых, хто займаецца душпастырствам сярод сем'яў. Гаворка ідзе і пра будучых святароў, і пра свецкіх вернікаў. Яны павінны быць у стане паказаць сем'ям, як ласка, што вынікае з сакрамэнту сужэнства, можа дапамагчы справіцца з выклікамі штодзённасці, не абстрактна, а на практыцы.
Ватыканскі кардынал выказаў спадзяванне, што ініцыятыва Сям’я Amoris Laetitia дапаможа святарам заставацца братамі і айцамі, гатовымі дапамагаць сем'ям, але і вучыцца ў іх.
Прэфект запрасіў духавенства правесці адмысловы Год з стаўленнем айцоўства, прыклад якога даў св. Юзаф, айцоўства, якое складаецца з ветлівасці, сілы, паслухмянасці і працы. Ён запэўніў, што Касцёл хоча станавіцца ў адносінах да сем'яў усё больш і больш "мацярынскім", з пяшчотай і ўважлівасцю ставячыся да іх патрэб, умеючы слухаць, але застаючыся мужным і моцным у Духу Святым.