Бэнэдыкту XVI споўнілася 94 гады
Бэнэдыкт XVI быў першым немцам на Пасадзе св. Пятра з часоў Віктара II (1055-1057) Сваё папскае імя ён выбраў са спасылкай на “Папу міру” Бэнэдыкта XV і апекуна Еўропы св. Бэнэдыкта Нурсійскага. Да абрання Наступнікам св. Пятра, у 1983-2005 гг., быў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння і адным з самых блізкіх паплечнікаў Яна Паўла ІІ.
У пачатку красавіка нямецкі каталіцкі штотыднёвік Die Tagespost апублікаваў вялікае інтэрв’ю з Папам-эмерытам, які распавёў, што з вялікім прызнаннем паставіўся да рашэння Францішка абвясціць Год св. Юзафа і заклікаў католікаў прачытаць Апостальскі ліст Patris corde, просты, але глыбокі ў сваім змесце тэкст.
“Лічу, што гэты тэкст трэба чытаць і разважаць зноў і зноў, каб такім чынам спрыяць ачышчэнню і паглыбленню нашага культу святых у цэлым, і св. Юзафа ў прыватнасці. Яго маўчанне – гэта фактычна пасланне. Гэта выражае “так”, якое ён узяў на сябе, з’яднаўшыся з Марыяй і, такім чынам, з Езусам”, - пракаментаваў ён.