Моладзь з Цэнтра Сан-Ларэнца з крыжам СДМ Моладзь з Цэнтра Сан-Ларэнца з крыжам СДМ 

Ватыкан: аднаўляецца малітва на плошчы св. Пятра ля крыжа СДМ

Пасля некалькіх месяцаў перапынку, выкліканага пандэміяй COVID-19, аднаўляецца евангелізацыйная ініцыятыва на плошчы св. Пятра, якую рэалізуе моладзь з Цэнтра Сан-Ларэнца, створанага Янам Паўлам II.

Малітва, якая праходзіць кожную пятніцу з 15.00 да 16.00 ля фасада ватыканскай базылікі, з'яўляецца адной з нешматлікіх "вулічных" прапаноў для рымлян, якія шукаюць духоўны змест у гарадской прасторы.

У канцы працоўнага тыдня маладыя людзі з Цэнтра Сан-Ларэнца (Centro San Lorenzo), размешчанага побач з Ватыканам, арганізоўваюць працэсію з крыжам Сусветных дзён моладзі, а затым малітву на плошчы св. Пятра. Рэалізацыя ініцыятывы была прыпынена на шмат месяцаў з прычыны пандэміі COVID-19.

Падчас евангелізацыі маладыя людзі запрашаюць турыстаў і мінакоў да кароткай малітвы ля крыжа Сусветных дзён моладзі, які Ян Павел II падарыў Цэнтру Сан-Ларэнца 22 красавіка 1984 г. у канцы Вялікага юбілею Адкуплення. Копія крыжа, якую благаславіў той жа Пантыфік, суправаджае падрыхтоўку да чарговых этапаў Сусветных дзён моладзі і малітву падчас самога форуму.

Міжнародны моладзевы Цэнтр Сан-Ларэнца быў створаны па ініцыятыве Яна Паўла ІІ 13 сакавіка 1983 г. з думкай пра маладых людзей з усяго свету, якія прыязджаюць у Рым вучыцца, падарожнічаць або шукаць працу. Гэта месца, дзе маладыя людзі, незалежна ад паходжання і мовы, могуць сустрэцца са сваімі аднагодкамі, папрасіць духоўнай дапамогі і спыніцца на хвіліну малітвы. Цэнтр размешчаны на адной з сумежных з Via della Conciliazione вуліц, побач з плошчай св. Пятра: па адрасе Via Pfeiffer 24. З кастрычніка 2018 г. ім займаюцца маладыя людзі з міжнароднай евангелізацыйнай супольнасці Шалом, якая дзейнічае ў некалькіх дзясятках краін свету.
 

22 красавіка 2021, 10:57