Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканская газета: на Суперлізе багатых спорт толькі губляе

L’Osservatore Romano пракаментавала спробу стварэння Еўрапейскай Суперлігі, у якую павінны былі ўвайсці 12 з ліку самых багатых футбольных клубаў Англіі, Іспаніі і Італіі.

“Вялікія грошы, а скарэй іх лішак, часта прыводзяць да знішчэння ўсяго, у тым ліку самых цудоўных рэчаў, бо мець усё і мець магчымасць купіць усё – гэта супярэчыць мары. Тое ж тычыцца і спорту, а дакладней футбола, і гэта было вядома даўно, з таго часу, калі пачалі набываць гульцоў за велізарныя грошы”, - падкрэсліў журналіст Гаэтана Валіні ў артыкуле пад загалоўкам “Футбол, якога ніхто не хоча. На Суперлізе багатых спорт толькі губляе”.

Журналіст заўважыў, што ідэя турніру не мае нічога агульнага з еўрапейскасцю, бо аб сваім далучэнні да яго заявілі ўсяго толькі тры краіны кантынента. Па-за Суперлігай засталася вялікая колькасць клубаў, у тым ліку з такіх “футбольны” дзяржаў як Германія і Францыя.

Валіні звярнуў увагу і на тое, што заява аб стварэнні Суперлігі прагучала падчас пандэміі, калі ў многіх відах спорту спаборніцтвы былі прыпынены, а “прафесійны футбол знайшоў магчымасць працягваць рэалізаваць відовішча”. Новы турнір – гэта не тое, што можна было б прапанаваць змучанаму пандэміяй грамадству, а Суперліга – гэта цынічны спосаб зарабіць яшчэ больш, - лічыць ён.

Журналіст L’Osservatore Romano нагадаў, што сёння такія каштоўнасці футбола як інклюзіўнасць, здаровая канкурэнцыя, павага да саперніка, сумленнасць і захаванне правілаў ператварыліся ў пустыя словы. Спорт павінен вучыць у тым ліку прымаць паразы, рабіць з іх высновы і імкнуцца да будучых перамог.

Праект Суперлігі, на думку Валіні, можа знішчыць рэшткі вартага даверу ў свеце футбола і нанесці шкоду ўсяму футбольнаму руху, у тым ліку праз адцягненне ўвагі ад нацыянальных і еўрапейскіх чэмпіянатаў. Журналіст лічыць гэта сапраўднай катастрофай.
 

22 красавіка 2021, 12:12