Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: захапляцца тым, што робіць нас людзьмі

Адкрыць тое, што па-сапраўднаму робіць нас людзьмі, і захапляцца гэтым - заклікаў кардынал П’етра Паралін удзельнікаў міжнароднай анлайн-канферэнцыі аб інтэгральным падыходзе да здароўя чалавека.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы скіраваў відэапасланне з нагоды форума на тэму: “Вывучэнне розума, цела і душы – аб’яднацца дзеля прафілактыкі і лячэння” (Exploring the Mind, Body and Soul – Unite to Prevent and Unite to Cure). Анлайн-канферэнцыя была арганізавана Папскай радай па культуры, Cura Foundation і некаторымі іншымі амерыканскімі навуковымі фондам.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца заўважыў, што гісторыя чалавецтва нярэдка была пазначана эгаізмам і дзеяннямі, якія прыводзілі да пакут і спусташэнняў, таму яно паклікана паглядзець на сябе без прэтэнзіі на абсалютную перавагу.

Жыццё чалавека залежыць ад многіх іншых арганізмаў і без ураўнаважанай экасістэмы нам пагражае калапс, - зазначыў іерарх. Ён звярнуў увагу на тое, што чалавечая істота мае некаторыя падабенствы з іншымі жывымі істотамі, але таксама “хавае” ў сабе рысы, якія радыкальна адрозніваюць ад іх.

Першае вымярэнне – гэта рацыянальнась, здольнасць асэнсоўваць іншых і навакольны свет, рабіць складаныя тэхналагічныя прылады, ствараць сацыяльна-культурныя, геапалітычныя і эканамічныя сродкі і структуры, якія ўплываюць на тое як жывём, думаем і дзейнічаем.

Іншая рыса – маральная свядомасць, якая дазваляе дзейнічаць, адрозніваючы дабро ад зла. Гэта здольнасць дае магчымасць уздымаць этычныя пытанні адносна нашых учынкаў, грамадства, выкарыстання розных прыладаў, а таксама змагацца з несправядлівасцю праз дабрачыннасць і салідарнасць.

Кардынал Паралін звярнуў увагу таксама на эстэтычнае пачуццё, якое робіць выключным чалавека. “Мы ў стане не толькі сузіраць прыгажосць, але таксама выражаць яе ў шматлікіх мастацкіх формах, ад самых старажытных, такіх як маляванне, скульптура, музыка ці танец, аж да больш сучасных, такіх як фатаграфія, кінематограф ці лічбавае мастацтва”, - нагадаў ён.

“Нарэшце, мы заўважаем у нас існаванне больш неапісальнага вымярэння: адкрытасць на трансцэндэнтны гарызонт, які ў жыцці многіх з нас выяўляецца ў рэлігійным досведзе і падштурхоўвае задаваць пытанні аб заканчэнні жыцця і гарызонце, які пераўзыходзіць выключна зямное вымярэнне”, - сказаў ён.

Старажытныя мысляры акрэслівалі гэту асаблівасць і выключнасць чалавека тэрмінам humanitas, які, пачынаючы ад Цыцэрона, стаў катэгорыяй, якой азначаецца аб’ектыўны прынцып складанай, выключна чалавечай, сістэмы маральных каштоўнасцей.

Кардынал Паралін пажадаў, каб удзельнікі анлайн-форума працягвалі з энтузіязмам і рашучасцю глыбока вывучаць таямніцу быцця чалавека, каб адкрыць тое, што робіць нас па-сапраўднаму людзьмі, і захапляцца гэтым.
 

08 мая 2021, 22:21