Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Тарксан: спрыяць развіццю ўстойлівых харчовых сістэм

Кардынал Пітэр Тарксан прыняў удзел у вэбінары аб “харчовай справядлівасці”, падчас якога звярнуў увагу на ролю годнай працы, фінансаў і інавацый у аднаўленні ўстойлівых харчовых сістэм.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека падкрэсліў, што забяспечыць належнае харчаванне ўсяго насельніцтва планеты магчыма, але, нягледзячы на гэта, каля 150 млн чалавек працягваюць жыць у сітуацыі харчовай небяспекі.

“Для чалавецтва голад – гэта не толькі трагедыя, але таксама і ганьба. Ён выкліканы, пераважна, няроўным размеркаваннем пладоў зямлі, да чаго дадаецца недахоп інвестыцый у сельскагаспадарчы сектар, наступствы кліматычных змен і павелічэнне колькасці канфліктаў у розных частках планеты”, - нагадаў ватыканскі іерарх словы папы Францішка.

Кардынал Тарксан падкрэсліў, што прычынай харчовай небяспецы з’яўляецца таксама недахоп дэмакратычных палітычных працэсаў, пагаршэнне экалагічнай сітуацыі і знішчэнне біяразнастайнасці.

Цытуючы энцыкліку Laudato si’ прэфект нагадаў, што “харчаванне – гэта неад’емнае права”, а каб пераадолець несправядлівасць, неабходна бараніць гэта права і садзейнічаць развіццю ўстойлівых харчовых сістэм. “Гарантаванне ўсім годнага доступу да ежы па разумным і роўным кошце – гэта пытанне сацыяльнай справядлівасці, клопату пра экалогію і будавання эканомікі, па-сапраўднаму засяроджанай на чалавеку”, - сцвердзіў кардынал.

Вэбінар адбыўся ў рамках цыклу анлайн-сустрэч на тэму “Ежа для жыцця, харчовай справядлівасці, ежа для ўсіх” (Cibo Per La Vita, Giustizia Alimentare, Cibo Per Tutti), натхнёнага энцыклікай Францішка Laudato si’. Ён быў арганізаваны Апостальскай Сталіцай у рамках падрыхтоўкі да Саміту ААН па харчовай бяспецы, які пройдзе ў ліпені 2021 г. у Рыме.
 

27 мая 2021, 09:42