Пасяджэнне Сінода Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне Сінода Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота 

Новая метадалогія Сінода Біскупаў прадстаўлена ў Ватыкане

Папа дасць старт трохгадоваму сінадальнаму шляху, які распачнецца ў мясцовых Касцёлах і завершыцца ў Ватыкане. Ён будзе складацца з трох этапаў: дыяцэзіяльнага, кантынентальнага і паўсюднага.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

21 мая 2021 г. была абнародавана праграма правядзення XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2023 г. у Ватыкане на тэму: “На карысць Касцёла сінадальнага – камунія, удзел і місія”. Папа зацвердзіў гэты дакумент падчас аўдыенцыі для Генеральнага сакратара Сінода Біскупаў, кардынала Марыё Грэка.

У праграме падкрэслівацца, што “цэласны сінадальны працэс будзе рэалізаваны па-сапраўднаму толькі ў тым выпадку, калі ў яго будуць уключаны мясцовыя Касцёлы” праз такія “органы сінадальнасці”, як Сіноды Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, Рады і Асамблеі Касцёлаў sui iuris, Канферэнцыі Біскупаў на ўзроўні краін, рэгіёнаў і кантынентаў.

Упершыню ў гісторыі Сінод будзе адбывацца “дэцэнтралізаваным” чынам. Яшчэ ў 2015 г., адзначаючы 50-годдзе заснавання Сінода Біскупаў, Францішак выказваў жаданне сумеснага шляху “свецкіх вернікаў, пастыраў і Біскупа Рыма”.

Сінадальны шлях будзе ўрачыста адкрыты ў Ватыкане 9-10 кастрычніка 2021 г. у прысутнасці Святога Айца: пасля адмысловых сустрэч і рэфлексіі, пройдзе малітва і Эўхарыстычная цэлебрацыя. 17 кастрычніка дыяцэзіяльны этап Сінода распачнуць лакальныя Касцёлы пад кіраўніцтвам сваіх біскупаў.

Мэтай першапачаткова этапу будзе апытанне Божага народа, таму Генеральны сакратарыят Сінода скіруе падрыхтоўчы дакумент з анкетай і дапаможнікам па правядзенні апытання ў кожнай дыяцэзіі. Гэты дакумент будзе накіраваны таксама ў структуры Рымскай курыі, аб’яднанні вышэйшых настаяцелей манаскіх супольнасцей, міжнародныя свецкія рухі, універсітэты і тэалагічныя факультэты.

Да кастрычніка 2021 г. кожны дыяцэзіяльны біскуп павінен прызначыць у сваім лакальным Касцёле адказную асобу ў якасці арыенціра і сувязнога звяна з епіскапатам, які, у сваю чаргу, павінен прызначыць адказную асобу і групу супрацоўнікаў для кантакту з Генеральным сакратарыятам Сінода.

Кульмінацыяй дыяцэзіяльнага шляху стане “Перадсінадальная нарада”, вынікі якой павінны быць перададзены ў мясцовую Канферэнцыю Біскупаў. Потым, члены епіскапату, павінны разам абагульніць гэтыя напрацоўкі і да красавіка 2022 г. перадаць іх у Генеральны сакратарыят. Пасля атрымання ўсіх матэрыялаў у Ватыкане будзе складзены першы Instrumentum laboris, які будзе абнародаваны ў верасні 2022 г. і разасланы ў мясцовыя Касцёлы.

Пасля гэтага распачнецца кантынентальны этап сінадальнага шляху. Ён будзе праходзіць з верасня 2022 г. па сакавік 2023 г. на ўзроўні кантынентальных аб’яднанняў біскупаў. Мэта гэтай фазы – абмеркаванне Instrumentum laboris. Па выніках прац будзе складзены выніковы дакумент. Ён будзе накіраваны ў Генеральны сакратарыят, які пачне распрацоўку другога Instrumentum laboris. Абнародаванне гэтага дакумента запланавана на чэрвень 2023 г.

Сінадальны шлях завершыцца паўсюдным этапам у кастрычніку 2023 г., калі ў Ватыкане збярэцца Асамблея Сінода Біскупаў згодна з правіламі, якія былі ўстаноўлены Францішкам у Апостальскай канстытуцыі Episcopalis Communio.
 

21 мая 2021, 13:01