Папа прыняў ватыканскіх атлетаў перад важнымі спаборніцтвамі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак адзначыў важнасць таго, што ў Ватыкана ёсць свая спартыўная каманда, бо “Касцёлу вельмі дорага ўсё чалавечае і ўсё, што тычыцца чалавека”. Ён звярнуў увагу на прыгажосць спорту, на важнасць каманднага духа і захавання аматарскага вымярэння спартыўнай дзейнасці.
Святы Айцец уручыў кожнаму лёгкаатлету па асобніку кнігі “Спорт паводле папы Францішка” (Lo sport secondo Papa Francesco), падрыхтаванай італьянскім выданнем Gazzetta dello Sport. Гэта кніга, перакладзеная на розныя мовы свету, між іншым, будзе раздадзена ўдзельнікам Алімпійскіх гульняў у Токіа.
Падчас аўдыенцыі Францішак пакінуў аўтограф на эстафетнай палачцы з дэвізам ватыканскай зборнай Simul Currebant (лац. Пабеглі разам), які адсылае да слоў з Евангелля св. Яна (20,4) пра тое, што Пётр і Ян “пабеглі абодва разам” да магілы Хрыста ў дзень Уваскрасення. Athletica Vaticana уручыць гэту эстафетную палачку прадстаўнікам малых краін Еўропы падчас цырымоніі адкрыцця чэмпіянату.
Спартсменаў на аўдыенцыі суправаджаў кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры. Ён заўважыў, што ўдзел ватыканскай каманды ў міжнародных спаборніцтвах мае вялікае значэнне. Іерарх нагадаў, што спорт павінен спрыяць сустрэчы і ўзаемнаму знаёмству, адмаўленню ад прадузятасці і варожасці, дыялогу паміж рознымі культурамі і рэлігіямі, будаванню сяброўства паміж людзьмі і народамі, каб маглі “бегчы разам” да супольнай мэты, якой з’яўляецца мір.