Святы Пасад стварыў фонд па вывучэнні этычнага складальніка AI
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Раней аб гэтым прасіў Францішка старшыня Папскай акадэміі жыцця, арцыбіскуп Вінчэнца Палья.
Фонд называецца renAIssance, што з'яўляецца спалучэннем слова "renesans" і англійскай абрэвіятуры AI (штучны інтэлект). Яго стварылі пасля падпісання ў Рыме ў лютым 2020 г. дэкларацыі аб этычным падыходзе да штучнага інтэлекту. Задачай структуры будзе шырокая папулярызацыя ідэй, змешчаных у гэтым дакуменце.
"Мы лічым, што з улікам прыходу гэтага вымярэння ў жыццё кожнага чалавека неабходна пацвердзіць этычную, адукацыйную і агульную прававую базу для штучнага інтэлекту", - сказаў арцыбіскуп Палья, якога цытуе ANSA. Ён дадаў, што "алгарытмы павінны мець і маральнае вымярэнне". "Не можна дазволіць дыктатуры новых тэхналогій і тым, хто імі валодае, рабіць што заўгодна", - сказаў ватыканскі іерарх.
Нагадаем, што ў лютым 2020 г. у Ватыкане праходзіў міжнародны семінар “Добры алгарытм. Штучны інтэлект: этыка, закон, здароўе”. Ён завяршыўся падпісаннем сумеснага Рымскага этычнага закліку – збору маральных прынцыпаў у сферы штучнага інтэлекту. Свае подпісы пад ім паставілі прадстаўнікі карпарацый Microsoft і IBM, Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН (FAO) і Святога Пасаду.
Удзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што сёння існуе патрэба ў этычным алгарытме: трэба кадыфікаваць этычныя прынцыпы і нормы на зразумелай і зручнай машыне мове. Толькі так штучны інтэлект стане інструментам гуманізацыі свету.