У Ватыкане пройдзе вэбінар аб уплыве новых медыя на чалавека
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Форум пад назвай Changing media in a Changing world (Змена СМІ ў свеце, які змяняецца) адбудзецца па ініцыятыве Папскай акадэміі сацыяльных навук. У ім прымуць удзел сацыёлагі, філосафы, эканамісты, эксперты ў сферы камунікацыі і новых СМІ з розных краін свету.
Выкарыстоўваючы міждысцыплінарны падыход яны прааналізуюць выклікі для чалавека і грамадства, прадстаўленыя новымі лічбавымі камунікацыйнымі платформамі, якія “могуць уплываць на выбар дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці, праўды і падману”.
У паведамленні Папскай акадэміі сацыяльных навук адзначаецца, што новыя СМІ даюць “магчымасць пашыраць інфармацыю і заахвочваць да карыснай дзейнасці, яны дазваляюць грамадзянам кантраляваць улады, каб дзейнічалі на карысць агульнага дабра, але могуць таксама выкарыстоўвацца для распаўсюджвання шкоднага кантэнту і прапаганды”.
У гэтым кантэксце важнай патрэбай з’яўляецца “ўстанаўленне адпаведных этычных норм”, якія павінны грунтавацца на аб’ектыўных каштоўнасцях агульнага дабра, цэласнага развіцця чалавека, захавання планеты і міру.
Анлайн-форум распачнецца дакладам сацыёлага П’ерпаола Данаці з Балонскага ўніверсітэта і лаўрэата Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Джозефа Стыгліца, якія прааналізуюць пераход ад традыцыйных СМІ да лічбавых платформ. Затым гаворка будзе ісці пра ўплыў новых медыя на мадэлі паводзінаў і атрымання ведаў, а таксама пра будучыню мастацтва, правоў чалавека і дэмакратыі ў лічбавую эпоху.