Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Ватыкан: форум аб інтэгральным падыходзе да здароўя

Пандэмія прадэманстравала патрэбу ў інтэгральным падыходзе да здароўя чалавека, якое ахоплівае не толькі цела, але таксама і душу, - падкрэсліў кардынал Джанфранка Равазі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Вывучэнне розума, цела і душы – аб’яднацца дзеля прафілактыкі і лячэння” (Exploring the Mind, Body and Soul – Unite to Prevent and Unite to Cure) – пад такой назвай праходзіць трохдзённая анлайн-канферэнцыя, арганізаваная Папскай радай па культуры, Cura Foundation і некаторымі амерыканскімі навуковымі фондамі. У апошні дзень форума, 8 мая 2021 г., яго ўдзельнікаў прыме на аўдыенцыі папа Францішак.

У анлайн-сустрэчы прымаюць удзел медыкі, навукоўцы, спецыялісты ў сферы этыкі, рэлігійныя лідары, абаронцы правоў пацыентаў, палітыкі і філантропы. Яе мэта – абмеркаваць апошнія дасягненні ў медыцынскай і навуковай сферах і іх наступствы для чалавека. Удзельнікі канферэнцыі паразважаюць таксама пра ўплыў рэлігіі і духоўнага жыцця на здароўе.

У інтэрв’ю Vatican News кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, падкрэсліў, што неабходнасць інтэгральнага падыходу да праблемы здароўя чалавека, была ў поўнай меры прадэманстравана падчас пандэміі.

“Мы зразумелі гэта менавіта падчас lockdown, калі стала бачна, што патрабуем не толькі таго, каб вынайсці вакцыну і абараніць ад хваробы наша цела. Праблема аказалася больш складанай і глыбокай: стала бачна, што самотнасць, ізаляцыя, закрытасць у абмежаванай прасторы – усё гэта супярэчыць нашаму інстынктыўнаму пошуку адносін, не толькі віртуальных, а ў першую чаргу непасрэдных”, - сказаў іерарх.

Кардынал Равазі распавёў, што форум стаў ужо пятым, які быў арганізаваны Папскай радай па культуры ў супрацоўніцтве з акадэмічным светам ЗША. Ён падкрэсліў важнасць дыялогу паміж досведамі, якія вельмі адрозніваюцца паміж сабой. Гэтым тлумачыцца прысутнасць на канферэнцыі не толькі медыкаў і навукоўцаў, але таксама спецыялістаў у сферы этыкі і рэлігіі. “На наш погляд сёння прынцыпова важнымі з’яўляюцца дыялог і абмен меркаваннямі”, - дадаў ватыканскі іерарх.
 

07 мая 2021, 11:55