Кс. Эндру Смол Кс. Эндру Смол 

Амерыканец стаў сакратаром Камісіі па абароне непаўналетніх

22 чэрвеня 2021 г. Папа прызначыў выконваючым абавязкі сакратара Папскай камісіі па абароне непаўналетніх кс. Эндру Смола, былога кіраўніка Папскіх місійных ініцыятыў у Злучаных Штатах.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю Vatican News кс. Смол прызнаўся, што бачыць “відавочныя прыкметы” ўступлення працы Камісіі ў новую фазу, пасля таго, як Святы Айцец заклікаў структуру пашырыць сетку абароны падлеткаў на ўвесь Касцёл.

Новы сакратар лічыць сваёй першачарговай задачай увагу да пацярпелых у выніку злоўжыванняў з боку людзей Касцёла, а таксама вызначэнне наступных крокаў Камісіі. Ахвяры павінны адчуваць, што касцёльныя структуры адкрытыя і празрыстыя. Толькі так можна гарантаваць абарону ўразлівых груп на практыцы, а не толькі ў тэорыі.

Камісію па абароне непаўналетніх папа Францішак заснаваў 5 снежня 2013 г. У яе склад уваходзяць эксперты, якія маюць вялікі вопыт у гэтай галіне, сярод іх ёсць псіхолагі, педагогі, адвакаты, якія расследавалі выпадкі сексуальных злоўжыванняў. У камісіі прадстаўлены розныя кантыненты і краіны, яе кіраўніком з’яўляецца арцыбіскуп Бостана, кардынал Шон О'Мэлі. Усходнюю Еўропу прадстаўляе былы прэм'ер-міністр Польшчы і былы польскі пасол у Ватыкане Ханна Сухоцка.
 

22 чэрвеня 2021, 12:38