Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер на антыкарупцыйным форуме ў ААН

Каб гарантаваць доступ да справядлівасці ўсім і будаваць эфектыўныя, адказныя і інклюзіўныя структуры, неабходна перамагчы і выкараніць карупцыю, - лічыць арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сакратар па адносінах Апостальскай сталіцы з Дзяржавамі прыняў удзел у спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, прысвечанай барацьбе з карупцыяй і ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

Ватыканскі іерарх звярнуў увагу на неабходнасць прасоўвання больш шырокай “культуры цэласнасці”, падкрэсліваючы, што развіццё прававой дзяржавы і прафілактыка злачыннасці павінны ісці поруч. “Прадухіленне карупцыі шчыльна звязана з павагай і абаронай усеагульных правоў чалавека, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні”. З гэтай мэтай, паводле арцыбіскупа Галахера, “неабходна працягваць умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з незаконнымі фінансавымі патокамі і пашырэнне міжнародных механізмаў, якія ўжо існуюць і тычацца вяртання дабротаў і крымінальнага пераследу”.

На думку іерарха, так магчыма змагацца з беспакаранасцю і пазбаўляць крымінальныя арганізацыі якога-кольвечы незаконнага прыбытку праз ідэнтыфікацыю, пошук, канфіскацыю, вяртанне дабротаў, здабытых незаконным шляхам.

Арцыбіскуп Галахер нагадаў, што ў 2016 г. Апостальская Сталіца далучылася да Канвенцыі ААН супраць карупцыі з намерам спрыяць і маральна падтрымліваць прафілактыку і выкараненне на глабальным узроўні гэтага віду злачынства, якое ставіць пад пагрозу чалавечую годнасць і мір.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі нагадаў міжнароднай супольнасці пра нядаўнія меры, прынятыя Францішкам з мэтай умацавання празрыстасці, нагляду і канкурэнцыі ў доступе да дзяржаўных падрадаў у Ватыкане, паляпшэння фінансавай камунікацыі адносна патэнцыйных канфліктаў інтарэсаў. Паводле арцыбіскупа, сустрэча, арганізаваная Генеральнай Асамблеяй ААН, дала выключную магчымасць усім краінам умацаваць намаганні і падзяліцца досведам у сферы барацьбы з карупцыяй.
 

05 чэрвеня 2021, 11:34