Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа прызначыў касцёльнага асістэнта ў Дыкастэрыю па камунікацыі

16 чэрвеня 2021 г. Святы Айцец прызначыў 40-гадовага італьянскага святара, кс. Луіджы Эпікока, касцёльным асістэнтам пры Дыкастэрыі па камунікацыі і аглядальнікам газеты L’Osservatore Romano.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кс. Луіджы Эпікока нарадзіўся ў 1980 г. у паўднёваітальянскім горадзе Мезан’е ў вобласці Апулія, але належыць да духавенства дыяцэзіі Аквіла. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 2005 г. Займаўся душпастырствам моладзі ў Аквіле, з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніг аб духоўнасці і выкладае філасофію ў Папскім латэранскім універсітэце. У 2019 г. быў прызначаны дэканам Вышэйшага інстытута рэлігійных навук Fides et Ratio у Аквіле. Малады святар часты госць італьянскіх каталіцкіх і дзяржаўных СМІ, актыўны карыстальнік сацыяльных сетак, блогер і рэкалекцыяніст.

У студзені 2019 г., падчас сустрэчы з іерархамі Рымскай курыі з нагоды Божага нараджэння, Францішак уручыў сваім бліжэйшым супрацоўнікам у якасці каляднага падарунка кнігу Св. Ян Павел Вялікі (San Giovanni Paolo Magno), напісаную ў сааўтарстве з кс. Луіджы Марыяй Эпікокам.

Пасады касцёльнага асістэнта пры Дыкастэрыі па камунікацыі і аглядальніка газеты L’Osservatore Romano дагэтуль не існавала. Яе ўвядзенне з’яўляецца працягам рэформы ватыканскіх СМІ. Аб неабходнасці перамен Францішак казаў падчас сустрэчы з супрацоўнікамі Дыкастэрыі па камунікацыі, якая адбылася 24 мая 2021 г.

 

16 чэрвеня 2021, 13:00