Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пастулятар: постаць Шумана нагадвае пра прызначэнне ЕС

Ідэал Рабэра Шумана як ніколі актуальны ў нашыя дні, - падкрэсліў а. Бэрнар Ардура, пастулятар беатыфікацыйнага працэсу французскага палітыка і шматгадовы старшыня Папскага камітэта гістарычных навук.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дэкрэт аб прызнанні гераічнасці цнотаў Рабэра Шумана – гэта важны крок у працэсе яго кананізацыі. Ён быў ухвалены пасля доўгага працэсу, які распачаўся ў 1980-я гг. у дыяцэзіі Мец, і ў ходзе якога былі выслуханы больш за 100 сведкаў. Усе яны адзначалі глыбокае хрысціянскае жыццё Шумана”, - падзяліўся французскі святар у інтэрв'ю для Vatican News.

Пастулятар заўважыў, што для беатыфікацыі палітыка “неабходны цуд, Божы знак, у якасці пацвярджэння святасці гэтага чалавека, які цалкам прысвяціў сябе служэнню іншым людзям і агульнаму дабру, а ў першую чаргу быў чалавекам Божым”.

“Я лічу, што ў актуальным кантэксце постаць Рабэра Шумана з’яўляецца як ніколі актуальнай. Еўрапейскі Саюз, у якім мы жывём, стаў вялікай машынай, якая ўражвае, вялікай адміністрацыйнай структурай, якая мае шмат магчымасцей. Але небяспека заключаецца менавіта ў забыцці аб прызначэнні ўсяго гэтага апарату – вось чаму трэба канкрэтызаваць ідэал, які быў паказаны Рабэрам Шуманам і тымі, каго мы называем “айцам Еўропы”. Яны былі людзьмі, якія пасля заканчэння Другой сусветнай вайны хацелі спрыяць прымірэнню. І вось Шуман нагадвае нам, што Еўропа, каб мець сэнс і быць вернай свайму пакліканню, павінна натхняцца ў сваёй палітыцы служэннем чалавеку, салідарнасцю”, - сцвердзіў а. Бэрнар Ардура.

Пастулятар нагадаў, што Шуман быў хрысціянінам, які перажываў сваю веру ў сціпласці, “не чытаў пропаведзі”, але “жыў у глыбокай еднасці з Богам”. “Гэты абмен любоўю быў своеасаблівай крыніцай яго дзейнасці”, - падкрэсліў святар. Акрамя таго, Шуман заўсёды ўдасканальваў і паглыбляў сваю веру. Напрыклад, падчас Другой сусветнай вайны, укрываючыся ў розных кляштарах Францыі, ён глыбока вывучаў “Суму тэалогіі” і іншыя тэксты св. Тамаша Аквінскага. “Мы ведаем, што ён шмат чытаў св. Аўгустына, і нават у арыгінале, бо ведаў лацінскую і грэчаскую мову”, - распавёў святар, падкрэсліваючы, што пастаяннае ўдасканаленне веры і ведаў знайшло адлюстраванне і ў палітычнай дзейнасці Шумана.
 

21 чэрвеня 2021, 10:14