Кс. Хуан Антоніа Герэра Алвес Кс. Хуан Антоніа Герэра Алвес 

Прэфект па эканоміцы пра выкарыстанне ахвяраванняў

У нядзелю 27 чэрвеня 2021 г. у касцёлах ва ўсім свеце будзе праходзіць збор ахвяраванняў на дзейнасць і місію Святога Айца, вядомы як “Грош св. Пятра” (Obolo di San Pietro).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Немагчыма ўявіць сабе місію Касцёла без матэрыяльнай падтрымкі з боку вернікаў, - падкрэсліў прэфект ватыканскага Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, кс. Хуан Антоніа Герэра Алвес. Святар заўважыў таксама, што ў выкарыстанні атрыманых фінансавых рэсурсаў неабходна празрыстасць, бо “вернікі маюць права ведаць на што ідуць грошы, якія яны ахвяруюць”.

У інтэрв’ю Vatican News езуіт распавёў пра тое, што грошы, сабраныя ў рамках ініцыятывы “Грош св. Пятра” выкарыстоўваюцца для рэалізацыі спраў міласэрнасці Папы ў розных краінах свету. У першую чаргу яны накіроўваюцца на дапамогу мясцовым Касцёлам, каталіцкім структурам, сем’ям ці асобным людзям, якія патрабуюць дапамогі.

Кс. Герэра Алвес зазначыў, што з 21 млн. еўра ахвяраванняў, якія ўжо былі сабраны за 2021 г., 8 млн. было адразу накіравана на евангелізацыйныя і сацыяльныя праекты, пераважна ў Афрыцы, Азіі і Лацінскай Амерыцы.

З гэтых грошай была часткова фінансавана дзейнасць тых дыкастэрый Рымскай курыі, якія дапамагаюць у рэалізацыі місіі Наступніка св. Пятра і не маюць ніякага прыбытку. Гаворка ідзе пра касцёльныя Трыбуналы, дыкастэрыі, якія займаюцца літургіяй, еднасцю хрысціян ці клопатам пра культурную спадчыну Касцёла, як напрыклад Ватыканская Апостальская Бібліятэка і Архіў.

Прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях заўважыў, што на працягу апошніх гадоў назіралася памяншэнне колькасці ахвяраванняў у рамках ініцыятывы “Грош св. Пятра”. У перыяд з 2015 па 2019 гг. яны скараціліся на 23%. За першы год пандэміі колькасць ахвяраванняў зменшылася на 18%. У 2019 г. было сабрана 53,86 млн., а ў 2020 г. – 44,1 млн. еўра. Прэфект распавёў, што агулам фонд “Грош св. Пятра” у 2020 г. налічваў 205 млн. еўра.

Кс. Герэра Алвес падкрэсліў, што шмат ахвяраванняў вернікі накіроўваюць на канкрэтныя мэты і Ватыкан паважае волю ахвярадаўцаў. Гаворка ідзе па будаванне касцёлаў у бедных краінах, утрыманне шпіталяў, адукацыйных цэнтраў, падтрымку хрысціян, якія пражываюць на тэрыторыях, ахопленых канфліктамі.

Святар падкрэсліў, што Папа прагне максімальнай празрыстасці ў выкарыстанні ахвяраванняў. З гэтай мэтай фінансавыя рэсурсы перайшлі ад Дзяржаўнага сакратарыяту да Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, а кантроль за імі ажыццяўляе Сакратарыят па эканамічных пытаннях.

Збор ахвяраванняў “Грош св. Пятра” звычайна праводзіцца ў нядзелю, якая папярэднічае ўрачыстасці святых Пятра і Паўла, якая адзначаецца 29 чэрвеня. У мінулым годзе, па прычыне пандэміі, ён адбыўся 4 кастрычніка, ва ўспамін св. Францішка Асізскага. Традыцыя была ўведзена ў паўсюдную практыку Касцёла ў 1871 г. энцыклікай Пія IX Saepe Venerabilis, а шырокае распаўсюджанне атрымала ў XX ст.
 

26 чэрвеня 2021, 12:08