L’Osservatore Romano адзначае 160-годдзе з дня заснавання
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Першы нумар L’Osservatore Romano убачыў свет 1 ліпеня 1861 г. Газету заснавалі два свецкія вернікі, адвакаты з паўночна-італьянскага рэгіёна Эмілія-Раманья, Нікола Дзанкіні і Джузэпэ Бастыя, якія атрымалі палітычны прытулак у Рыме. Ім дапамагаў Маркантоніа Пачэлі, дзядуля будучага папы Пія ХІІ.
У якасці назвы газеты была запазычана назва інфармацыйнага лістка, які выходзіў па ініцыятыве групы католікаў у Рыме ў перыяд з 1849 па 1852 гг. Першыя нумары L’Osservatore Romano складаліся з чатырох старонак. Падзагалоўкамі сталі два выразы на лацінскай мове: Unicuique suum (Кожнаму сваё) і Non praevalebunt (Не перамогуць). Першае словазлучэнне было ўзята з рымскага права, а другое – з Евангелля св. Мацвея і адсылала да слоў Езуса, скіраваных да апостала Пятра: “Я кажу табе, што ты — Пётр [скала], і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (16,18). У той час гэты дэвіз насіў і палітычны характар. Справа ў тым, што газета пачала выходзіць ва ўмовах канфлікту Касцёла з Італьянскай дзяржавай, якая абвясціла Рым сваёй сталіцай і пачала барацьбу за Вечны горад. Без падзагалоўку Non praevalebunt ватыканская газета выйшла толькі аднойчы – 12 лютага 1929 г., на наступны дзень пасля падпісання Латэранскіх пагадненняў, якімі “рымскае пытанне” было ўрэгулявана.
У 1885 г. па ініцыятыве Льва ХІІІ газету набыла Апостальская Сталіца. Першапачаткова выданне асвятляла толькі палітычныя і рэлігійна-этычныя пытанні. З цягам часу ў ёй з’явіліся рубрыкі, прысвечаныя мастацтву, спорту, тэатру, грамадскім праблемам, а ў часы фашысцкай дыктатуры газета была адзінай крыніцай інфармацыі аб сітуацыі ў свеце, якая не падлягала цэнзурным абмежаванням рэжыму.
На сённяшні дзень L’Osservatore Romano выходзіць штодзённа, акрамя нядзелі, на дванаццаці старонках. У інтэрнэце яе чытаюць каля 20 тыс. чалавек у дзень. Быў створаны адмысловы аплет, дзейнічае рассылка бюлетэню, існуе спецыяльны штомесячны дадатак для жанчын. Выданне мае версіі на італьянскай, англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай і польскай мовах. З 2018 г. галоўным рэдактарам газеты з'яўляецца Андрэа Монда.