Дзяржсакратар Яго Святасці наведае Швейцарыю
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пра гэта 20 ліпеня 2021 г. паведаміла мясцовая Канферэнцыя Біскупаў. Бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка павінен быў наведаць Швейцарыю ў 2020 г., але планам перашкодзіла пандэмія каронавіруса.
У дадатак да сустрэчы з федэральным Прэзідэнтам Гі Пармэленам, якая павінна адбыцца 7 лістапада, папярэдняя праграма ўключае цэлебрацыю св. Імшы ў касцёле кляштара ў Айнзідэльн і наведванне капліцы і скіта святога брата Клаўса ў Флюэлі-Ранфце. Там, паводле паведамлення, члены біскупскай канферэнцыі Швейцарыі хочуць асабіста павітаць кардынала Параліна.
18 чэрвеня 1920 г. стаў важным днём у двухбаковых ватыканска-швейцарскіх адносінах: Федэральны савет прыняў рашэнне выканаць пажаданні папскай дыпламатыі і аднавіць дыпламатычныя адносіны паміж Швейцарыяй і Апостальскай Сталіцай. Такім чынам, у гэты дзень скончыўся амаль 50-гадовы перапынак у дыпламатычных кантактах, які наступіў пасля рэзкай крытыкі Пія IX у бок Культуркампфа ў Швейцарыі ў 1873 г. У адказ Федэральны савет разарваў дыпламатычныя адносіны.
Менавіта шматвяковае падабенства зноў зблізіла Швейцарыю і Апостальскую Сталіцу. Швейцарская гвардыя служыць Папам з 1506 г., а нунцыятура ў Люцэрне, заснаваная ў 1586 г., стала другім замежным прадстаўніцтвам на швейцарскай зямлі (пасля пасольства Францыі ў кантоне Золатурн).