Святы Пасад сярод арганізатараў сустрэчы па пытаннях харчавання
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У семінары ўдзельнічаюць фермеры, даследчыкі, прадпрымальнікі, палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з усяго свету. Гаворка ідзе пра паляпшэнне доступу да ежы для ўсіх.
“70% прыбытку ад сусветнага сельскагаспадарчага гандлю сканцэнтравана ў руках некалькіх кампаній. Гэтая няроўнасць перашкаджае пераходу да ўстойлівых харчовых сістэм", - заявіла Vatican News сястра Алесандра Смерылі, якая ўзначальвае ватыканскую дэлегацыю. Сустрэча накіравана на развіццё больш дасканалай практыкі вытворчасці і размеркавання прадуктаў харчавання; без увагі не можа застацца і праблема глабальнага голаду і харчовых адходаў у багатых краінах, - падкрэсліла яна.
“Мы перакананыя, што досвед Святога Пасаду ў гэтым пытанні можа спрыяць рэальнай трансфармацыі харчовых сістэм. Падчас абмеркавання мы можам прапанаваць важную інфармацыю”, - лічыць Смерылі, якая з'яўляецца падсакратаром Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Трэба зыходзіць з пераканання, што права на ежу з'яўляецца асновай чалавечай годнасці.
Гаворка ідзе пра такую трансфармацыю цяперашняй харчовай сістэмы, якая дазволіць ёй стаць экалагічна ўстойлівай, адначасова справядлівай і адпавядаючай патрэбам насельніцтва свету. Таксама важна захаваць рэсурсы для цяперашняга і будучых пакаленняў.
Супрацоўніца ватыканскай дыкастэрыі заўважыла, што “ў сучасным свеце голад выклікаюць тры асноўныя фактары: канфлікты, COVID-19 і кліматычныя змены”. Пастаянны рост колькасці людзей, якія галадаюць, гаворыць аб тым, што цяперашняя сістэма не працуе. Таму Францішак нагадвае, што голад – не толькі трагедыя, гэта ганьба і злачынства, бо ежа з'яўляецца неад'емным правам чалавека.
Італьянская законніца адзначыла, што пасляпандэмічныя прагнозы не выклікаюць аптымізму. Паводле ацэнак, крызіс у два разы павялічыць колькасць галодных людзей у свеце. Таму сёння важна дзейнічаць на аснове інтэгральнай экалогіі, якая дапаможа развіць больш справядлівыя і ўсёабдымныя сістэмы размеркавання прадуктаў харчавання, даступных у свеце.