Святы Пасад і ААЭ будуць супрацоўнічаць у сферы адукацыі
Ян Глінскі – Vatican News
Спрыянне талерантнасці, добрасуседству і чалавечаму братэрству ў свеце – такая мэта пагаднення аб супрацоўніцтве, падпісанага падчас візіту ў ААЭ кардынала Джузэпэ Версальдзі, прэфекта ватыканскай Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі. Дамова тычыцца працы каталіцкіх школ і навучальных устаноў блізкаўсходняй краіны.
“Дэкларацыя аб братэрстве, падпісаная два гады таму ў Абу-Дабі Папам Францішкам і Вялікім імамам Ахмедам аль-Таебам, працягвае прыносіць плады таксама ў сферы адукацыі“, - патлумачыў кардынал Версальдзі ў інтэрв'ю Vatican News, падкрэсліваючы, што прадстаўнікі ААЭ былі ўдзячныя Святому Айцу за падтрымку гэтай ініцыятывы.
Ватыканскі іерарх назваў падпісанне Мемарандума “важным крокам”, нягледзячы на тое, што ён “абмежаваны сферай адукацыі і дзейнасцю, якая ўваходзіць у абавязкі адпаведных міністэрстваў”. Як сцвердзіў кардынал, супрацоўніцтва паміж каталіцкімі студэнтамі і студэнтамі ААЭ будзе адбывацца “на базе супольных каштоўнасцяў, пры поўнай пашане адрозненняў і без усялякага празелітызму“.
“Пасля наздвычайнай сітуацыі, звязанай з пандэміяй COVID-19, нашай задачай будзе прыцягванне выкладчыкаў і студэнтаў, каб пагадненне набрала поўную моц“, – падкрэсліў кардынал Версальдзі, дадаўшы, што чакаецца шэраг канкрэтных ініцыятыў па культурным абмене.