Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Сёлетні фэст у Будславе – асаблівы, - падкрэсліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі. Ён цэлебраваў першую св. Імшу ў Будславе на ўрачыстасцях, якія адбыліся 2-3 ліпеня 2021 г., і выказаў надзею на хуткую адбудову будслаўскай базылікі. У сваю чаргу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падчас св. Імшы для пілігрымаў, заклікаў Панну Марыю выпрасіць ласку даверу да бязмежнай Божай любові, міласэрнасці і Божаму Провіду ў гэты лёсавызначальны час: ”З табой сумесна адбудуем прысвечаную Табе Будслаўскую святыню! З Табой пабудуем новую шчаслівую Беларусь!” Падчас начной св. Імшы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Алег Буткевіч маліўся, у тым ліку, ”каб Беларусь стала па-сапраўднаму краінай для жыцця – годнага жыцця кожнага грамадзяніна”. А ранкам 3 ліпеня Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч падкрэсліў, што асаблівым чынам моліцца за мір і згоду ў краіне, каб з Божай дапамогай і праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай у краіне ўсталявалася сапраўдная культура братэрства і салідарнасці.

У Палескім санктуарыі Маці Божай Лагішынскай ідуць працы над аднаўленнем касцёльнага даху. На рамонт неабходна сабраць 50 тыс. рублёў і парафія просіць аб дапамозе. Працы па замене даха распачаліся на мінулым тыдні і паспяхова працягваюцца. У парафіі спадзяюцца, што да лагішынскіх урачыстасцяў у гонар Каралевы Палесся, што адбываюцца штогод 21-22 жніўня, яны будуць завершаныя.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч нанава асвяціў адноўленую прыдарожную капліцу ў гонар св. Яна Хрысціцеля, якая знаходзіцца недалёка ад Вішнева. Падчас Эўхарыстыі, якая 27 чэрвеня 2021 г. цэлебравалася ў лесе побач з адноўленай капліцай, іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе моладзі, адпаведна падрыхтаванай да гэтай падзеі. За аднаўленне капліцы, якая была пабудавана не менш за трыста гадоў таму, узяўся прадпрымальнік Францішак Жылка з Мінска, які нарадзіўся недалёка ад гэтых мясцінаў. Звяртаючыся да ўсіх прысутных, мецэнат папрасіў мясцовых вернікаў клапаціцца пра адноўленую капліцу, каб яна заўсёды ззяла і радавала вока тых, хто праходзіць побач.

У касцёле ў Уле з удзелам Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ўшанавалі памяць вязняў Беразвецкай турмы. Іх забілі савецкія канваіры восемдзесят гадоў таму, 26 чэрвеня 1941 г., у вёсцы Мікалаева – зараз Шумілінскі раён. Пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР тагачаснае савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне эвакуяваць вязняў следчай турмы ў Беразвеччы, што каля Глыбокага. Вывелі больш за 2 тыс. чалавек, а па дарозе расстралялі іх з кулямётаў і аўтаматаў. Усяго было забіта каля 1800 чалавек. Дарэчы, Ульская парафія таксама просіць аб дапамозе: нядаўна бура нарабіла тут шмат шкоды, пацярпеў ад стыхіі і касцёл, часткова пашкодзіўшы дах святыні. Парафія нешматлікая і сваімі сіламі не можа справіцца з наступствамі ўрагана.

Канцэрт духоўнай музыкі адбыўся ў касцёле Святых Пятра і Паўла ў Мядзведзічах. Пасля св. Імшы 27 чэрвеня 2021 г., якую цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, музыкі далі канцэрт у гонар “Маці Міласэрнасці”. Сярод выканаўцаў была вядомая беларуская арганістка Вікторыя Куцько. Таксама госці парафіі ўбачылі фільм ”Мядзведзічы. Вяртанне жамчужыны” пра тутэйшы старадаўні арган.

У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі для міністрантаў, прысвечаныя тэме паклікання. У духоўных практыкаваннях удзельнічалі міністранты з розных куткоў Беларусі. Хлопцы былі засяроджаны на тым, каб слухаць голас Пана ў сценах капліцы семінарыі, дзе кожны яе студэнт, які праходзіць фармацыю да святарскага служэння, чэрпае сілы, каб таксама ісці дарогай любові, праўды і справядлівасці, праслаўляючы Бога за Яго прысутнасць і дзейнасць.

У гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа адбылася сустрэча членаў малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Члены гэтай групы, якія кожны дзень моляцца за святароў, ахвяруюць за іх свае штодзённыя цярпенні і нясуць ахвяры, сабраліся на св. Імшы 27 чэрвеня 2021 г. Мадэратар малітоўнай групы ў Гродзенскай дыяцэзіі, кс. Ян Раманоўскі, цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі яе членаў. Як падкрэсліў святар, такім чынам ён хацеў выказаць праз ахвяру Імшы ўдзячнасць усім тым, хто падтрымлівае малітвамі нашых святароў.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, сatholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

03 ліпеня 2021, 11:46