Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: завяршылася следства ў справе аб інвестыцыях

У Трыбунал Дзяржавы Ватыкан была перададзена справа, звязаная са злоўжываннямі інвестыцыямі падчас набыцця нерухомасці ў Лондане. Першае судовае пасяджэнне пройдзе 27 ліпеня 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Расследаванне карупцыйнай справы Ватыканская жандармерыя распачала ў 2019 г. Яно праводзілася два гады ў супрацоўніцтве з пракуратурай Рыма і рымскім аддзяленнем Італьянскай фінансавай паліцыі, а таксама пракуратурамі Мілана, Бары, Трэнта, Кальяры і Сасары. Падставай для яго паслужыла заява Інстытута рэлігійных спраў, вядома таксама як Ватыканскі банк, і Упраўлення генеральнага рэвізора.

У ходзе расследавання была выяўлена значная растрата ватыканскіх фінансавых рэсурсаў, у тым ліку прызначаных да дабрачынную дзейнасць Святога Айца.

Кіраўнік Трыбунала Дзяржавы Ватыкан Джузэпэ Піньятонэ распарадзіўся выклікаць у суд дзесяць чалавек, сярод якія былыя высокапастаўленыя асобы: былы старшыня Бюро фінансавай інфармацыі Рэнэ Брульхарт, які абвінавачваецца ў злоўжыванні службовым становішчам; мансеньёр Маўра Карліна, былы сакратар Субстытута Дзяржаўнага Сакратара, які абвінавачваецца ў вымаганні і злоўжыванні службовым становішчам; Энрыка Краса, фінансіст, адказны за інвестыцыі Святога Пасаду, які абвінавачваецца ў растраце, карупцыі, вымаганні, адмыванні грошай, махлярстве і падробцы дакументаў; былы дырэктар Бюро фінансавай інфармацыі Тамаза Дзі Руца, які абвінавачваецца ў прысваенні грошай, злоўжыванні ўладай і парушэнні службовай таямніцы; Чэчылія Маронга, якая абвінавачваецца ў прысваенні грошай; Рафаэле Мінчонэ, фінансіст, які абвінавачваецца ў прысваенні грошай, злоўжыванні службовым становішчам і адмыванні грошай; Нікола Сквілачэ, які абвінавачваецца ў махлярстве, прысваенні і адмыванні грошай; Фабрыцыа Тырабасі, супрацоўнік Дзяржсакратарыяту, які абвінавачваецца ў карупцыі, вымаганні, растраце, махлярстве, злоўжыванні службовым становішчам: Джанлуіджы Торцы, фінансіст: які абвінавачваецца ў вымаганні, растраце, махлярстве, прысваенні і адмыванні грошай; а таксама кардынал Анджэла Бэчу, былы Субстытут Дзяржаўнага сакратара па агульных пытаннях, які абвінавачваецца ў растраце, злоўжыванні службовым становішчам, саўдзеле і подкупе.

У суд выклікаюцца таксама фінансавыя кампаніі, звязаныя з Энрыка Краса і Чэчыліяй Маронга, супраць якіх выстаўлены абвінавачванні ў махлярстве і растраце.

У заяве, апублікаванай адвакатамі, кардынал Бэчу назваў сябе “ахвярай задуманай супраць яго змовы”, у выніку якой ён падвергнуўся “беспрэцэдэнтнай крытыцы ў СМІ” і толькі дзякуючы веры можа “знайсці ў сабе сілы, каб змагацца за праўду”. “Нарэшце настаў момант для выяўлення абставін справы і Трыбунал зможа ўстанавіць абсалютную ілжывасць абвінавачванняў”, - сцвердзіў былы іерарх.

У сваю чаргу Рэнэ Брульхарт падкрэсліў, што заўсёды карэктна выконваў свае абавязкі, у паслухмянасці закону і выключна ў інтарэсах Апостальскай Сталіцы і органаў, якія яе прадстаўляюць.
 

05 ліпеня 2021, 10:59