Святы Пасад: вірус індывідуалізма вядзе да канфліктаў і раўнадушша
Аляксандр Панчанка – Vatican News
На працягу апошніх тыдняў Пастаянная місія Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе прыняла ўдзел у шэрагу сустрэч, арганізаваных у рамках 47-й сесіі Рады па правах чалавек і 81-й сесіі Пастаяннага камітэта Упраўлення Вярхоўнага камісара па справах бежанцаў.
Падчас дыскусіі аб выкліках, пастаўленых перад міжнароднай супольнасцю пандэміяй, дэлегацыя Святога Пасаду заклікала да большай салідарнасці паміж краінамі, “патрэбнай сёння як ніколі раней”, бо каронавірус справакаваў распаўсюджванне “віруса індывідуалізма”, узвышаючы законы рынка над законамі “любові і здароўя чалавецтва”.
“Індывідуалізм і эгаізм не вядуць да свабоды і роўнасці, але да канфліктаў і раўнадушша перад абліччам пакут людзей”, таму неабходна стварыць прававую і этычную базу для міжнароднай салідарнасці, каб спрыяць яе ажыццяўленню. У сувязі з гэтым Апостальская Сталіца заклікала прыйсці да супольнага рашэння ў сферы адмаўлення ад права на інтэлектуальную ўласнасць, каб забяспечыць паўсюдны доступ да вакцыны супраць каронавіруса.
У дэбатах аб сітуацыі з адукацыяй, Святы Пасад нагадаў пра “фундаментальную ролю”, а таксама пра “права і адказнасць” бацькоў за тое, каб “даць якасную адукацыю сваім дзецям, асабліва ў пытаннях, якія тычацца маральнай і рэлігійнай фармацыі”. Ватыканская дэлегацыя зазначыла, што адукацыя павінна быць цэласнай і ахопліваць “фізічнае, інтэлектуальнае, маральнае, духоўнае і сацыяльнае” вымярэнне асобы. Важна таксама пазбегнуць уніфікацыі ў адукацыйных праграмах, якая робяць іх няздольнымі адаптавацца да патрабаванняў усіх вучняў.
Пастаянная місія Апостальскай Сталіцы пры ААН звярнула ўвагу на сітуацыю з насіллем у адносінах да жанчын, нагадваючы, што гвалт з’яўляецца цяжкім нападам на годнасць жанчыны, паколькі раніць не толькі цела, але і душу, наносячы траўму, якую цяжка пераадолець, і ствараючы такім чынам наступствы для ўсяго грамадства. “Чым больш падтрымліваюцца і абараняюцца жанчыны, тым больш падтрымліваюцца і абараняюцца сем’і і грамадствы”, а кожны выпадак “псіхалагічнага, вербальнага, фізічнага і сексуальнага насілля – гэта акт баязлівасці і прыніжэння ўсяго чалавецтва”, - падкрэсліла дэлегацыя Святога Пасаду.
Апостальская Сталіца заклікала забяспечыць належную падтрымку жанчынам, якія сталі ахвярамі сексуальнага насілля, а таксама абараніць дзяцей, зачатых у выніку згвалтавання, бо “павага да чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці – гэта зыходная кропка для пераадолення культуры насілля”. Ватыканская дэлегацыя крытычна выказалася пра імкненне прызнаваць аборт правам чалавека.
Пастаянная місія Святога Пасаду пры ААН звярнула ўвага на тое, што падчас пандэміі сярод непаўналетніх развілася большая залежнасць ад інтэрнэту і віртуальных форм камунікацыі, у сувязі з чым яны сталі больш уразлівымі і неабароненымі ад злачыннай дзейнасці, якая ажыццяўляецца анлайн. Апостальская Сталіца выступіла з заклікам рашуча і па-сапраўднаму прыкладаць намаганні, на карысць абароны дзяцей у лічбавым свеце.