Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін 

Дзяржсакратар плануе наведаць важныя палітычныя форумы

Плануецца, што ў канцы жніўня кардынал Дзяржсакратар прыме ўдзел у Стратэгічным форуме ў славенскім Бледзе, а ў пачатку верасня адправіцца ў Мадрыд на сустрэчу каталіцкіх лідараў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынала П’етра Параліна чакаюць у Славеніі 31 жніўня 2021 г. Апрача ўдзелу ў Стратэгічным форуме, прысвечаным у гэтым годзе будучыні Еўропы, ён узначаліць Імшу ў санктуарыі ў Брэз’е, які адзначае 25-годдзе візіту св. Яна Паўла ІІ. Найбліжэйшы супрацоўнік Папы таксама правядзе шэраг інстытуцыйных і двухбаковых сустрэч. Трэба нагадаць, што ў бліжэйшыя месяцы Славенія старшынствуе ў Савеце Еўрапейскага Саюза.

Стратэгічны форум – гэта штогадовая міжнародная падзея, арганізаваная Славеніяй з 2006 г., мэта якой – стварыць платформу для абмену ідэямі адносна сучаснага грамадства і яго будучыні. У канферэнцыі прымаюць удзел лідары краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы, сотні ўдзельнікаў, прадстаўнікі свету палітыкі, бізнесу, аналітычных цэнтраў і няўрадавых арганізацый.

3 верасня 2021 г. кіраўніка ватыканскай дыпламатыі чакаюць у Мадрыдзе на Другой міжнароднай сустрэчы палітычна адказных католікаў. Яна пройдзе на тэму: "Ключы да абнаўлення хрысціянскай думкі і дзеянняў у палітычным жыцці ў зменлівую эпоху". Удзельнікі прааналізуюць сусветны крызіс у сферы аховы здароўя і праблемы пасля пандэміі.

Выступ кардынала Параліна, запланаваны на 4 верасня, стане інаўгурацыйнай лекцыяй форума.
 

23 жніўня 2021, 09:53