Дзяржсакратар: Папа ўказвае шлях, каб “выбрацца з мелкаводдзя”
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Мы знаходзімся ў фазе дыялогу”, - пракаментаваў іерарх адносіны з Кітаем, нагадваючы пра гістарычную Дамову, заключаную з КНР у 2018 г. і абноўленую ў 2020 г. на чарговыя два гады. Паводле кардынала, “пандэмія ўдарыла таксама па гэтай сферы”, зрабіўшы дыялог больш складаным. “Але мы спадзяёмся як мага хутчэй аднавіць сустрэчы і абмеркаваць шматлікія іншыя пытанні, якія знаходзяцца на павестцы дня і тычацца жыцця Каталіцкага Касцёла ў Кітаі”.
Дзяржсакратар запэўніў у малітве за кітайскіх католікаў і выказаў захапленне сведчаннем, якое яны даюць. “Мы жадаем, каб яны заўсёды былі добрымі грамадзянамі і добрымі католікамі”, а таксама, каб выражалі “гэта двайное вымярэнне ў іх канкрэтным жыцці”, - сказаў ён.
Гаворачы пра крытыку, якая гучала ў адрас Францішка ў сувязі з яго адкрытасцю на Усход, кардынал Паралін заўважыў, што прыняць евангельскае пасланне, якое гучыць з вуснаў Папы, можа быць нялёгка, але ён указвае шлях, які можа “па-сапраўднаму дапамагчы выбрацца з мелкаводдзя, на якім знаходзіцца наша грамадства, і пачаць будаванне новага і лепшага свету”.
Каментуючы стан здароўя Святога Айца іерарх распавёў, што ён паступова папраўляецца. Пра гэта сведчыць аднаўленне сустрэч і аўдыенцый у Ватыкане, а таксама запланаванае на верасень падарожжа ў Венгрыю і Славакію. Кардынал Паралін падзяліўся, што сам плануе ў бліжэйшыя дні наведаць Літву, дзе ў катэдральным касцёле ў Вільнюсе ўдзеліць біскупскую сакру мансеньёру Вісвальдасу Кульбокасу, новаму Апостальскаму нунцыю ва Украіне.